Перамен!

| Без катэгорыі

Але людзі жыва падыходзяць, цікавяцца, з ахвотай ставяць свае подпісы. Некалькі дзён запар я назірала за гарадзенцамі, стоячы побач з пікетамі (мой сябра, акурат, ладзіў пікет у падтрымку Р. Кастусёва). Карысна было паслухаць звычайных людзей, кожны з якіх мае сваю грамадзянскую пазіцыю, часам актыўную, часам «ніякую», паглядзець на адносіны жыхароў Гродна да жыцця ўвогуле. Безумоўна, за некалькі гадзін, нават дзён, нельга зрабіць нейкія глабальныя высновы, але мне падалося, што нашым людзям да болю хочацца перамен – у жыцці, у дзяржаве, у грамадстве.

 

align=”left” >Як жаночая спрэчка рэкламу прэтэндэнту зрабіла

Уваход на рынак – жвавае месца, плынь людзей не спыняецца нават у будні. Проста выдатная пляцоўка для таго, каб збіраць подпісы і прыцягваць увагу патэнцыйных выбаршчыкаў. Стаім, назіраем… Цягнецца ланцужок людзей, хтосьці спыняецца, некаторыя зацікаўлена глядзяць у наш бок, але ідуць міма. Праз колькі хвілін падыходзіць жанчына, чытае біяграфію Кастусёва, аб нечым думае, пасля дастае пашпарт і з усмешкай кажа: «Давайце, даражэнькія, падпішуся. Ведаеце, за любога падпішуся, бо цяперашні ўжо так надаеў, новага хочацца». Раптам да жанчыны падлятае бабця і пачынае раўці: «А што, вам кепска жывецца? Паедзьце ў Расею, паглядзіце, што там робіцца, на вуліцу нельга выйсці!».

 

Імгненна збіраецца натоўп, разявакі слухаюць і назіраюць, найбольш бойкія пачынаюць спрачацца.

 

«А вы на Захад з’ездзіце! Як там людзі жывуць!». – Выкрыквае з натоўпу малады мужчына. Бабуля пачынае адчуваць, што большасць усё ж такі супраць яе меркаванняў і сыходзіць, потым яшчэ колькі часу скардзіцца прадаўцу акуляраў, які стаіць непадалёк. Жаночая спрэчка зрабіла сваё – прыцягнула ўвагу. Людзі актыўна падыходзяць. Вось ужо чалавек пяць пакінулі свае подпісы. Яшчэ некалькі асобаў дэкларуюць, што абавязкова падтрымаюць кандыдата Кастусёва другім разам – пакінулі ў хаце пашпарты.

 

…Няма руху наперад

Цягам дня да пікету падыходзіць і моладзь, і людзі больш сталага ўзросту. Апошнія больш скептычна ставяцца да ўсіх звестак, таму просяць пачытаць яшчэ і праграмку, але сябры ініцыятыўнай групы пачынаюць тлумачыць, што агітацыя пакуль забароненая.

Чуючы гэта, мінакі скардзяцца, што інфармацыі аб кандыдатах амаль не маюць: не ў кожнага ёсць у хаце інтэрнэт альбо «талерка». Але ў знак падтрымкі і салідарнасці з тымі, хто адважыўся на цяжкі шлях змагання, падпісваюцца.

 

Каля нас прыпыняецца маладая маці з дзіцяткам на руках: «Ведаеце, жывём мы не кепска, вуліцы чыстыя, заробак плацяць, – кажа яна, – але няма руху наперад, няма перамен, а так хочацца нейкага новага жыцця, новага подыху». Слухаю яе, а ў самой ў галаве пачынае круціцца песня В. Цоя «Перамен!»… Цяпер словы з гэтай песні асацыююцца ў мяне з настроямі ў нашым грамадстве напярэдадні выбараў. Асабліва мяне цешыць той факт, што людзі не такія абыякавыя да свайго лёсу і лёсу сваіх дзяцей. Няхай кожны з іх бачыць перамены па-свойму, але важна, што ёсць імкненне да руху наперад. Відаць, міфічная стабільнасць ужо надакучыла за столькі год, патрэбен новы глыток паветра. 

Фота Асі Славіньскай