Вячэрняя школа падтрымае маладыя сем’і

|

Ініцыятарам гэтага праекту стала сацыяльны педагог школы Святлана Анатолеўна Лукашэвіч. Ідэя з’яўляецца актуальнай, бо ў школе навучаецца многа маладых мам, і яшчэ некалькі дзяўчат збіраюцца стаць мамамі.

 

Асноўныя задачы, якія ставіць перад сабой арганізатар клубу, – гэта фарміраванне і ўмацаванне культуры сямейных адносін; фарміраванне і імкненне маладых сем’яў да здаровага ладу жыцця.

 

У сярэдзіне кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё клубу. Яно было прымяркавана да сусветнага свята – Дня матулі. На адкрыццё было запрошана многа гасцей. Адзін з іх – святар Барыса-Глебскай царквы, айцец Генадзь. Ён блаславіў маладых матуль і запаліў васкавую свячу, як сімвал дамашняга агню. А фірма «Долина злаков», прадстаўнікі якой таксама былі запрошаныя на адкрыццё, зрабіла карысныя падарункі мамам і іх дзеткам.

 

Сустрэчы ўдзельнікаў клубу будуць праходзіць адзін раз на месяц. На іх будуць абмяркоўвацца праблемы бытавога, псіхалагічнага і прававога характару. Маладыя сем’і змогуць абмяняцца досведам у выхаванні дзяцей. Будуць праводзіцца розныя трэнінгі, дыскусіі і развіваюча-пазнавальныя заняткі. Маладым мамам будуць даваць парады па арганізацыі сямейнага адпачынку, аказваць дапамогу ў падборы дзіцячых развіваючых гульняў, тлумачыць важнасць патрыятычнага выхавання дзяцей.

 

І гэта далёка не ўсё. У арганізатара клубу многа ідэй і, каб ажыццявіць іх, Святлана Анатолеўна гатовая прыкласці ўсе намаганні.

 

«Заняткі былі б больш цікавымі, каб мы маглі рабіць мамам і іх дзеткам падарункі, але дзеля гэтага патрэбен спонсар», – выказала яна сваё пажаданне. Хто ведае, можа і з’явіцца ў каго-небудзь жаданне выступіць мецэнатам.