Прыгажосць – гэта страшная сіла!
Ці можа гарадзенская прыгажуня разлічваць на той жа фурор, што і на конкурсе «Міс Беларусь», нікому не вядома. Затое ў Людмілы ёсць дзённік, у якім яна распавядае пра сваю падрыхтоўку да сусветнага конкурсу прыгажосці.
Людміла скончыла сярэднюю школу № 20 у Гродна, у мінулым займалася плаваннем. Да конкурсу «Міс Беларусь 2010» дзяўчына ніколі не была звязана з мадэльным бізнэсам. Але вось яна ўжо адправілася на конкурс у Кітай, а мы можам толькі сачыць за яе прыгодамі праз Інтэрнэт.
Па прыездзе ў Пекін канкурсантак (а ў гэтым годзе ўдзельнічаюць дзяўчаты з 120 краінаў) засялілі ў гатэлі ў алфавітным парадку, і нашу Людмілу пасялілі разам з албанскай прыгажуняй.
>
На працягу некалькіх наступных дзён, апроч асноўных прымерак, рэпетыцый творчага конкурсу і папярэдніх міні-конкурсаў, прэтэндэнткі на «Міс свету 2010» паспелі наведаць мясцовыя выбітнасці, пазнаёміцца з кітайскімі традыцыямі і сфатаграфавацца на Вялікай Кітайскай сцяне, якую Людміла Якімовіч жадала ўбачыць больш за ўсё. Міс Беларусь шкадуе толькі аб тым, што з такой праграмай часу на сон практычна не застаецца.
Дзяўчаты паспелі пабываць і ў Манголіі, для іх ладзілася вячэра і экскурсія па Ардосе. Людміла была здзіўлена мангольскай кухняй, якая па яе меркаванню была вельмі тлустая і непаслядоўная. З Ардосу вярнуліся ў Шанхай, дзе іх адразу ж адвезлі на шпацыр па рацэ Хуанпу на караблі, а пасля гэтага прыгажуні адправіліся на выставу «Экспа 2010», маштаб якой уразіў беларускую канкурсантку.
Пасля прылёту ў Хайнань, канкурсанткі адразу ж адправіліся на парад «Міс Свету». Наша Люда для гэтага мерапрыемства абрала сукенку чырвонага колеру, якая ёй, сумленна кажучы, была да твару. Пасля завяршэння параду, дзяўчат адвезлі ў гатэль Crownу Plaza.
Людміла Якімовіч ужо паспела пасябраваць з прадстаўніцамі Чэхіі, Даніі, Латвіі і Казахстана. Але сцвярджае, што ўсе канкурсанткі добразычлівыя.
Да фіналу дзяўчат увесь час будзе суправаджаць ахова і адміністратары. Ну і, вядома ж, як кажа сама беларуска, ужо з’явіліся невялікія групкі прыхільнікаў, якія ўвесь час знаходзяцца побач з імі. З-за частых пералётаў і змены клімату наша канкурсантка трохі прыхварэла, але сцвярджае, што яе лечаць, і хутка яна паправіцца.
Да ўвагі чытачоў: конкурс «Міс Свету» праходзіць у два этапы, спачатку сярод удзельніц праводзіцца 15 розных конкурсаў (конкурс бікіні, конкурс талентаў, спартыўны, прамоўніцкі і інш.), пераможца кожнага з якіх выбіраецца ў паўфінал. А далей выбіраецца 5 дзяўчат для ўдзелу ў фінале. А нам застаецца пажадаць Людміле поспехаў, хварэць за яе ля экранаў тэлевізараў і спадзявацца, што беларуска вернецца з перамогай!