Па галоўнай вуліцы – з аркестрам
Аркестр барабаншчыц Гарадзенскага ПТК лёгкай прамысловасці існуе ўжо больш 20-ці гадоў, і ўвесь час не перастае радаваць сваімі выступамі на разнастайных святах, заўсёды прыўносячы ў іх сваеасаблівы каларыт. Лёгкія і ўпэўненыя ўдары іх палачак, гордыя ўсмешкі на прыгожых маладых тварах дадаюць любому святу ўрачыстасці і яркіх фарбаў.
>
Гледзячы на ўпэўненасць і грацыю, з якой дзяўчаты выступаюць на самых значных святах не толькі Гродна, але і краіны – за прыкладамі далёка хадзіць не трэба, Дажынкі-2010 не абышліся без іх удзелу… Гледзячы на твары публікі – адзін больш здзіўлены за іншага… Табе і ў галаву не прыдзе, што робіцца ўвесь гэты барабанны цуд выключна на энтузіязме і творчым запале дзяўчат і, вядома ж, іх кіраўніка Рымы Генрыхаўны Ўрублеўскай.
Менавіта яна распавяла мне, што яшчэ паўгады таму дзяўчаты і не чулі пра такія паняцці як такт і чвэрць, а палачкі трымалі ў руках хіба што ў кітайскім рэстаране. А праз два месяцы ўжо адкрывалі фестываль нацыянальных культур. «Як?!», – спытаеце вы, як здзівіўся і аўтар. Ну, вось неяк так: без аглядкі на стомленасць і ляноту, напэўна да звону ў вушах і болю ў галаве, але з радаснай усмешкай на твары ад кожнага паспяховага такту. «Паскораныя афіцэрскія курсы», жартоўна называе падрыхтоўку да фестывалю Рыма Генрыхаўна.
Па словах дзяўчат, гэта таго каштавала. Кожная ўсмешка на твары глядача, кожны ўхвальны вокліч, кожная ўспышка фотакамеры складаюцца ў радаснае ўсведамленне таго, што праца прайшла не дарма. І бура эмоцый ад удзелу ў кожным свяце даюць новыя сілы і жаданне рабіць свае выступленні яшчэ больш яскравымі. Па словах усё таго ж мастацкага кіраўніка, аркестр не думае стаяць на месцы ў сваім развіцці і рыхтуе для нас новыя сюрпрызы.
P.S. Тым, хто ўжо сабраўся бегчы прымяраць гусарскі касцюм, прыйдзецца адразу паступіць у каледж. Аркестр адкрыты (на жаль?) выключна для яго навучэнцаў.