Гродзенскі гарвыканкам абяцае веладарожкі ў новых мікрараёнах
Пра гэта паведаміла Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскаага гарвыканкама на пісьмовы зварот актывістаў веласіпеднага руху.
Іван Найдзёнаў, адзін з аўтараў звароту, паведаміў “ТС”:
– Першы калектыўны ліст гродзенскія веласіпедысты пісалі яшчэ ў мінулым годзе.
Пасля гэтага была сустрэча ў гарвыканкаме і вусная дамова, што мы складзем мапу, на якой пазначым месцы, дзе, на наш погляд, было б неабходна зрабіць дарожкі для ровараў.
Мапу мы аддалі яшчэ вясной, але на гэтым усё і скончылася.
Тады 13 кастрычніка актывісты пайшлі да Барыса Казялкова, падрыхтаваўшы пытанні і кароткі ліст, дзе ў пяці пунктах выклалі свае прапановы адносна прыстасавання гродзенскіх дарог для ровараў.
Іван Найдзёнаў:
–У нас атрымаўся вельмі канструктыўны дыялог, Казялкоў вельмі зацікавіўся, і, мы так зразумелі, пра наш папярэдні візіт ён нават не ведаў.
Адразу ён даў адпаведныя даручэнні, і вось цяпер мы атрымалі афіцыйны адказ з упраўлення капітальнага будаўніцтва.
Ма рады вынікам, але гэта толькі маленькая перамога, адказ толькі на адно з пяці нашых пытанняў.
Таму мы спыняцца не збіраемся.
Патрэбныя не толькі дарожкі для ровараў, але і стаянкі, і не толькі ў новых мікрараёнах, але ва ўсім горадзе.
На фота: Крытычная маса на вуліцах Гродна
Фота з сайта http://velo.grodno.net