Пытанне захавання Новага свету абмеркавалі ў Гродна

|

Навуковую падзею арганізаваў Гродзенскі ўніверсітэт імя Я.Купалы, факультэт гісторыі і сацыялогіі 29-30 кастрычніка.

Канферэнцыя “Працэсы ўрбанізацыі ў Беларусі: 19 – пач. 21 стст” з’яўлялася міждысцыплінарнай, бо працэс развіцця гарадоў абмяркоўвалі не толькі гісторыкі, але і географы, сацыёлагі і філосафы з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, а таксама студэнты купалаўскага ўніверсітэта.

 

Даследчыкі абмеркавалі актуальныя пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем працэсаў урбанізацыі і палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і нацыянальна-культурнай трансфармацыі Беларусі ў 19- пач. 21 стст.

 

Тэма ўрбанізацыі не вельмі вывучаная ў Беларусі, лічыць арганізатар канферэнцыі Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДзУ. На яе меркаванне асабліва цікавымі сталіся выступы Генадзя Семенчука пра абарону помнікаў Беларусі 19 – пачатку 20 ст і даклад літоўскага архітэктара Маі Пташак пра захаванне раёна Звярынец ў Вільні. Падчас абмеркавання яе даклада была ўзнятая праблема захавання раёна Гродна, які прынята называць “Новы свет” (раён вуліц 17 верасня, Астроўскага, Горкага, Бялінскага, Міцкевіча, Рэйманта). Па гэтай тэме ўзнікла неабходнасць арганізаваць падчас канферэнцыі асобны круглы стол, прысвечаны актуальным праблемам захавання Новага свету і Каложскай царквы (ва ўмовах планаванага пачатку яе рэканструкцыі).

 

Пры падвядзенні вынікаў працы канферэнцыі сярод іншых былі прынятыя рашэнні, якія датычаць Гродна:

 

– звярнуцца ў Навукова-метадычную Раду пры Міністэрстве культуры, якая займаецца пытаннямі аховы гістарыка-культурнай спадчыны, з прапановай аб удакладненні межаў ахоўнай зоны Гродна з уключэннем у яе раёна “Новы Свет” ;

 

– для ліквідацыі дысгармоніі паміж назвамі вуліц і архітэктурным абліччам гістарычнага цэнтра Гродна і спрыяння развіццю турызму хадайнічаць перад Гродзенскім гарсаветам аб вяртанні вуліцам гістарычнага цэнтра горада гістарычных назваў.

Здымак Іны Соркінай