Эколагі папярэджваюць: завод пагражае здароўю людзей

|

Паводле даследаванняў, праведзеных навукоўцамі з Англіі, Італіі і Японіі, пагроза захварванняў ракам у дзяцей, якія нарадзіліся ў 5 км. ад месца знаходжання такіх заводаў, павялічваецца ў два разы.

 

Спальванне смецця супарваджаецца выкідам у атмасферу дыяксінаў – стойкіх арганічных рэчываў, якія надзвычай шкодна ўплываюць на імунную, нярвовую і рэпрадуктыўную функцыі чалавека.


– Сістэма ачысткі ад дыяксінаў каштуе міліёны даляраў і практычна ніколі не бывае на 100% эфектыўнай

– лічыць кіраўнік установы Цэнтр экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.

 

 Зусім нядаўна шэсць заводаў па спальванні смецця планавалі пабудаваць вакол Масквы, але пасля ацэнкі магчымых наступстваў адмовіліся ад такіх планаў.

 

Да 2016 г. такія заводы плануецца пабудаваць ва ўсіх абласных цэнтрах, а да 2025 г. – ва ўсіх беларускіх гарадах з насельніцтвам звыш 70 тыс. чалавек.

 

Такія планы ўтрымліваюцца ў праекце дакумента “Асноўныя накірункі палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 г.”, які ў хуткім часе можа атрымаць статус Указа прэзідэнта.

 

У абмеркаванні гэтага дакумента бралі ўдзел і прадстаўнікі экалагічных арганізацый (у прыватнасці – Таварыства “Зялёная сетка”), аднак іх заўвагі не былі ўлічаныя.

 

Як паведаміла “Твайму стылю” загадчыца аддзелу дзяржаўнага кантролю па абыходжанні з адкідамі абласнога Камітэту прыроды і навакольнага асяроддзя Валянціна Путро, у бліжэйшы час у Гродне будаўніцтва завода па спальванні смецця не плануецца, хоць у далейшай перспектыве магчымае.

 

Спецыялістка адзначыла, што тэхналогіі па спальванні смецця развіваюцца ва ўсім свеце і становяцца ўсё больш бяспечнымі. Разам з тым, кошт ачышчальнага абсталявання застаецца вельмі высокім.

 

Да 2014 г. у ваколіцах Гродна будзе збудаваны завод па перапрацоўцы смецця.

 

Штогод на Гарадзеншчыне выпрацоўваецца каля 1,5 млн. тон вытворчых адкідаў і каля 1 млн. кубаметраў камунальных. З іх перапрацоўваецца толькі 10%.

 

Новы завод дазволіць перапрацоўваць да 120 тыс. смецця ў год.