Будаўніцтва «на касцях»

|

Падзялюся сваімі разважаннямі з гэтай нагоды.

 

Пытанні аб будаўніцтве «на касцях» падымаюцца нячаста, але рэгулярна. І заўсёды знаходзіцца нямала ахоўнікаў маралі, па сумяшчальніцтве абаронцаў супакою нябожчыкаў, якія ціснуць на пачуццё павагі да продкаў і, пры выпадку, намякаюць на ўзровень культуры народа, які дазваляе сабе гэтак цынічна абыходзіцца з месцамі пахаванняў.

 

З іншага боку, такое знаёмае народнае «а што зробіш?», афарбаванае развагамі пра частку цела, якой думалі людзі, што распрацоўвалі план забудовы раёна.

 

Трэці ўдзельнік спрэчкі як бы зрэдку паглядае на першыя два і паблажліва ўсміхаецца. І імя гэтаму боку – грошы.

 

Наогул для Гродна, як, верагодна, і для любога буйнага (па мерках нашай краіны, вядома) горада ўсе гэта ўжо знаёма. Людзі старэйшыя за аўтара памятаюць пра будаўніцтва дзіцячага садка на лютэранскіх могілках, стадыёна на габрэйскіх могілках (яшчэ раз пра сябе нагадалі не так даўно, у часе рэканструкцыі стадыёна) і яшчэ пра парачку такіх вось будоўляў.

>

І, мусіць, не памылюся, калі выкажу здагадку, што і тады не ўсе былі задаволеныя. Але час ідзе, планы забудовы не змяняюцца і замест прапанаваных абеліскаў або паркаў ўсё з’яўляюцца і будуюцца дамы і садкі. І дзіўна гэта ўсё… Бо, здавалася б, людзей закранулі за святое і балючае – памяць аб іх блізкіх. Нават і за грашыма жывыя людзі стаяць, якія ў стане паставіць сябе на месца іншых.

 

Пагрузіўшыся ў свае думкі, аўтар раптам «натыкнуўся» на фразу, якая ў імгненне вярнула яго ў рэальнасць. Фрагмент маёй размовы з адной з жыхарак Дзевятоўкі:

 

– А варыянт з пераносам могілак?

– Я думаю, што шмат хто будзе супраць.

– А асабіста вы?

– Асабіста я … Ну, у мяне тут (на могілках – заўв. аўтара) нікога няма …

 

Вось і ўсё на месцы. А вы кажаце «культура народа», а вы жадаеце «перамен!» … «У мяне тут нікога няма»… А значыць, па вялікім рахунку, гэта мяне не тычыцца і, у выніку, не хвалюе. І так па большасці пытанняў. Я ведаю, гэтая нескладаная выснова ўсім знаёмая, але як жа кожны раз брыдка і крыўдна да яе прыходзіць.