Ізноў закруціліся «Шурупы»

| Без катэгорыі

Думаю, фестываль можна лічыць самым маштабным у Беларусі. Кожны год ён праходзіць з грандыёзным размахам. Вось і цяперашні не стаў выключэннем. Упершыню ў якасці гасцей былі запрошаны самыя яскравыя зоркі піцерскай рок-тусоўкі: «Скрипсвай», «Паровоз до Кубы», «Скворцы Степанова», «Огнелет», «Рыба-луна». Гасцям было прадстаўлена права адкрыцця фестываля, а на друг дзень публіку радавалі нашы беларускія рок-гурты: Drum Extazy, Pet Nihil, Stuff, Blak Market і іншыя.

 

Гісторыя назвы «Тры шурупы» мне падалася даволі цікавай…

 

Рыхтаваўся першы фестываль. Падрыхтоўка павінна была скончыцца перад раніцай, скручваліся апошнія калонкі. Заставалася закруціць тры шурупы. Арганізатар фестываля Сяргей Фінскі пажартаваў, што можна менавіта так назваць фестываль. І назваў. З таго часу фэст так і «закручваецца» штогод. І гэта не толькі порцыя якаснай музыкі. Гэта святочная атмасфера, зарад станоўчых эмоцый, дарэчы, не толькі для прыхільнікаў року. Напрыклад, я, хоць і не лічу сябе аматаркай року, пабываўшы там, была прыемна ўражана. У тым, як працавалі музыканты, адчуваўся сапраўдны прафесіяналізм. А крывавыя прывіды, якімі была «ўпрыгожана» зала, не палохалі, а нават весялілі. Дзяўчаты і хлопцы з бодзі-артам прымушалі нявольна затрымліваць на іх позірк. Публіка на фестывалі сабралася разнастайная.

 

Вось каментары некаторых людзей, якія прысутнічалі на фэсце:

 

Аляксандра: Я заўсёды слухаю рок. Дарэчы, я знаёмая з некаторымі ўдзельнікамі з піцерскіх рок-гуртоў, таму я сёння тут.

Наталля: Я вельмі люблю рок. Прыходжу сюды не ўпершыню. Ад папярэдніх канцэртаў засталіся найлепшыя ўражанні. І не сумняваюся, што гэты раз усіх прысутных чакаюць хвалі пазітыву і добры настрой.

Андрэй: Сёння будуць выступаць піцерскія гурты. Хацелася б параўнаць іх творчасць з нашым рок-клубам.

Аляксандр: Рок слухаю мала, свята Halloween для мяне не мае ніякага значэння. Фестываль для мяне нагода добра правесці час і пазнаёміцца з новым людзьмі.