Ён любіць маляваць эмоцыямі
Выстава мастака сцэнаграфіі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Алеся Сурава, прысвечаная Дзядам, таму і была адкрыта 2-га лістапада. Словамі самаго аўтара – гэта вяртанне да сваіх каранёў, вандроўка па свеце маленства.
– Сваю выставу я прысвяціў Палессю, дзе я нарадзіўся, тым людзям, якія ўжо, можа, даўно сышлі, але засталіся ў маім генетычным кодзе, які і выдаў гэтыя працы, – кажа Алесь Сураў.
>
Мастак паказаў тое, што рабіў для сябе – своеасаблівы дзённік замалёвак яго эмоцый. Карціны вельмі выразныя, нават намацальныя ў нейкай ступені. Калі ўважліва ўглядзецца, ужыцца ў палотны Алеся Сурава, можна адчуць «пах пылу з бульбянога поля», подых цёплага ветру над вёскай, сатканай з каляровай мазаікі, пакаштаваць слодыч вішань ў суседскім садзе, якія «наліты мёдам заходзячага сонца…»
– Творчая выстава толькі тая, якая выклікае нейкія пачуцці, – кажа Марыя Мацко, дырэктар галерэі «Крыга». – Працы Алеся таму выразнае сведчанне: у іх ёсць сапраўдны творчы подых, які нас моцна кранае.
Без сумневу ўсіх прысутных прыемна здзівілі не толькі карціны Алеся Сурава, але таксама подпісы-апісанні пад імі. Камусьці яны нагадалі белыя вершы або рытмізаваныя разважанні. У мяне яны больш асацыяваліся з хоку: «Сонца сіцечкам – трэба лавіць ноччу», «Дождж прайшоў… і сінія лужы. Калюга!». Сам мастак сказаў, што не спрабаваў напісаць нешта дзіўнае, хацеў толькі выказаць свае пачуцці. А тое, што думкі выклаліся ў такі спосаб – заслуга беларускай мовы.
На адкрыцці выставы ў «Крызе» сабралася шмат людзей, якія захапляюцца жывапісам. Сярод іх было багата сяброў Алеся Сурава, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Гродна. З іх вуснаў гучалі цёплыя словы ў адрас мастака.
– Дай табе Бог змяніць тое, што можаш змяніць. Дай табе Бог цярпення вынесці тое, чаго ты змяніць не можаш. Дай табе Бог мудрасці адрозніць адно ад другога! – шчыра пажадала мастаку Валянціна Брысач, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў «Гарадзенскі каларыт».
А Генадзь Мушперт (справа), галоўны рэжысёр гродзенскага драмтэатра, выказаў меркаванне, што прадстаўленыя на выставе працы Алеся Сурава (злева), магчыма, у хуткім часе стануць сцэнаграфіямі да новых спектакляў.
Аўдыёрэпартаж з адкрыцця Ганкі Урбановіч можна паслухаць ніжэй.