«…У галлі абветранага саду…»

|

А ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 37 года там палёг цвет беларускай інтэлігенцыі. У іх ліку і паэт Тодар Кляшторны, чыя творчасць у школьных падручніках не вывучаецца, а ягоных кніг не знойдзеш у кнігарнях. Але ад гэтага менш каштоўнымі вершы Тодара Кляшторнага для мяне не робяцца: такога тонкага адчування прыгожосці свету цяжка сустрэць у тагачаснай паэзіі. Апяванне хараства восені на фоне ўхвалення Леніна, Сталіна і кампартыі было смяротна небяспечным. Тодар Кляшторны і такія самыя, як ён, за сваю тонкасць і інтэлігентнасць заплацілі месцам у Курапатах…

 

Знаходка гэтай самай вялікай магілы напрыканцы 80-х гадоў Зянонам Пазняком сталася выбухам, які ўлады спрабавалі нейтралізаваць усімі сродкамі: амоўчваннем, абвяржэннем, АМАПам, пабудовай кальцавой дарогі. Самымі цынічнымі сродкамі былі абраныя пабудова непадалёк пасёлка «Сонечная даліна» і гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Крыжы на тым месцы ставіліся і руйнаваліся дзесяткі разоў.

 

Але грамадскасць аказалася надзвычай упартай – і ўлада здалася. У 1993 годзе Рада пры Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны надала месцу масавых расстрэлаў ва ўрочышчы статус «гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі». Тут жа з’явіўся і кіёк з шыльдачкай пра тое, што прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасцi караецца па закону. Тое, што мемарыял увесь час знаходзіцца «пад аховай», кідаецца ў вочы: людзей ў цывільным мы ўбачылі адразу, як прыйшлі на месца. Адзін з іх адразу ж накіраваўся за намі.

 

Мы паехалі, каб у цішы ўшанаваць памяць і памаліцца за бязвінна забітых. Ідзём па крыжовай алеі, чытаем надпісы на крыжах: альбо родзічаў, якія знайшлі месца пахавання родных, альбо арганізацыяў, якія ўсталявалі крыжы ў знак памяці.

 

Некаторыя надпісы страшна чытаць: вось паляглі адразу чатыры браты… Жанчыны, якія рэгулярна прыходзяць парадкаваць, пакінулі нам маленькую кніжачку пра Курапаты. Гродзенскі грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Крот апранае літургічную вопратку. А мы разважаем, каля якога са шматлікіх крыжоў адслужыць паніхіду. І тут заўважаем сталую пару. Спяшаючыся, яны падыходзяць да нас:

 

– Вы з Гродна? – жанчына тлумачыць, што пачула, як на могілкі прыехаў святар і будзе маліцца, і яны з мужам хацелі б да нас далучыцца.

 

Дазвольце я прадстаўлюся – Мая Тодараўна Кляшторная. Сёння гадавіна, як забілі майго бацьку…

 

Я агаломшаная і думаю, што так у свеце не бывае. Няўжо гэта сапраўды дачка Тодара Кляшторнага, таго самага расстралянага паэта, чые вершы мне гэтак падабаюцца?! Гэтая думка не змяшчаецца ў маёй свядомасці.

Мая нарадзілася ў тым годзе, калі расстралялі бацьку:

– Але ён паспеў мяне ўбачыць. Наша сваячка мела знаёмых сярод праўнікаў, і маці наладзілі сустрэчу з бацькам. Абодва былі амаль у беспрытомнасці – бацька ад пабояў і допытаў. Тады і мяне пабачыў…

 

Мая Тодараўна вядзе нас да месца расстрэлаў 1937 года, дзе, як яна спадзяецца, спачыў яе бацька. З цэнтральнага месца збочвае і паказвае на крыж пад дрэвам:

– Давайце вось тут… Бачыце ямы? Гэта магілы. Калісьці былі цэлыя прагалы, і карані дрэваў былі проста на зямлі. І былі добра бачныя косці. Але пасля зараўнялі.

 

Людзей проста закідвалі зямлёй, глеба асядала і ўтвараліся правалы. Яна запальвае свечку і кладзе кветкі, старэнькі муж дапамаге ўладкаваць усё менавіта такім чынам, як бачыцца Маі Тодараўне… Памаліўшыся, паціху крочым па ўрочышчы. Мая Тодараўна абыходзіць адно месца, другое, і тлумачыць, што паўсюль магілы, ажно няма дзе ступіць:

– Вы ведаеце, я ж архітэктар. Дык знаёмыя хлопцы, якія пачыналі тут укладаць кальцавую, аднаго разу прыйшлі і з жахам распавядалі, што вывезлі тры самазвалы касцей.

 

Мінскую кальцавую дарогу пачалі будаваць ў 60-х гадах. Яна акурат мусіла пралягаць праз Курапацкія магілы – адсюль і самазвалы чалавечых парэшткаў… Мая Тодараўна паказвае рукой на супрацьлеглы бок. За дарогай – таксама месцы расстрэлаў і пахаванняў, але яны ніяк не пазначаныя: там не вяліся даследаванні. Мая Тодараўна, якую запрасілі пасля выхаду на пенсію навуковым кіраўніком Курапацкага мемарыяла, марыць упарадкаваць месца і там:

– А ведаеце, сюды не так і часта прыходзяць. Але па суботах хтосьці абавязкова прыязджае прыпратаць – такая традыцыя. І рэгулярна, канечне, хлопчыкі ў куртках. Перад развітаннем я кажу, што вельмі люблю вершы Тодара Кляшторнага.

 

Муж Маі Тодараўны ўскідвае галаву са здзіўленнем:

– А вы чыталі?

>

Зараз шкадую, што чамусьці пасаромелася зачытаць на памяць. А Мая Тодараўна паабяцала выслаць нам па экземпляру кнігі яе бацькі: “У кнігарнях не знойдзеце: усё мне аддалі”.  На развітанне яны шматразова дзякуюць нам за сустрэчу, за малітву, запрашаюць у госці. А нам ад эмоцыяў цяжка нешта сказаць толкам – дзякуй вам, Мая Тодараўна. Беларускую інтэлігенцыю да канца панішчыць не здолелі. Але колькі такіх сыноў і дачок не нарадзілася ад дзесяткаў тысяч маладых людзей, закатаваных за сталінскімі часамі? Можа, сучасны трагедыйны стан нацыі пачынаўся з таго кавалка лесу?…

P.S. У назве артыкула выкарыстаны словы з паэзіі Тодара Кляшторнага