Гродна і гарадзенцы ў сеціве

|

Хтосьці ўжо зараз ліхаманкава шукае, за што «зачапіцца» ў горадзе, хтосьці цалкам пакладаецца на лёс. Тэма размеркавання з надыходам вясны становіцца ўсё больш актуальнай і ў беларускім інтэрнэце.

Размеркаванне: рэальныя гісторыі

Такая рубрыка з’явілася на сайце «Інтэрфаксу”. Адным з першых яе герояў стаў нядаўні студэнт Андрэй, які па сканчэнні сталічнага ўніверсітэту культуры па спецыяльнасці «кінадраматургія», быў размеркаваны ў Гродна, у абласны цэнтр культуры. У Гродна высветлілася, што працадаўцам патрэбны не кінадраматург, а рэжысёр масавых відовішчаў.

Палажэнне аб размеркаванні прадугледжвае, што выпускнікі размяркоўваюцца на працу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю. Андрэю ж далі пасаду метадыста, у абавязкі якога ўваходзіла рэдагаванне сцэнароў народных святаў гарадоў і вёсак вобласці. У дадатак да ўсяго, пасялілі выпускніка ў … актавай залі цэнтра культуры. Андрэй вымушаны быў звярнуць увагу кіраўніцтва на пункт Палажэння, згодна з якім маладым спецыялістам пры недахопе ў працадаўцаў уласнага жытла можа давацца грашовая кампенсацыя для найму жылля. Але працадаўцы ветліва звярнулі ўвагу на слова «могуць».

Гэта значыць – могуць выдаткаваць гршы, а могуць і не выдаткаваць… Праз месяц начаванняў непасрэдна на працоўным месцы Андрэю ўсё ж знайшлі ложак у інтэрнаце. Заробак маладога спецыяліста складаў 300 тыс. рублёў і нікога не хвалявала, як жыць на такія грошы.

Гісторыя скончылася адносным хэпі-эндам: юнак знайшоў працу на тэлебачанні ў сваім родным горадзе ды пераразмеркаваўся туды. Аднак так шанцуе далёка не ўсім: тысячам таленавітых юнакоў і дзяўчат часта даводзіцца адпрацоўваць 2 гады ў глухіх вёсках альбо дэпрэсіўных раённых цэнтрах ва ўмовах, вельмі далёкіх ад цывілізаваных. Наўрад ці гэта добрая інвестыцыя ў іх персанальны прафесійны рост, добры стымул для таго, каб заставацца ў межах абранай прафесіі.

Гарадзенец, які заваяваў шведскага караля

alt=”Karol” >

Яшчэ адна цікавая рубрыка падгледжаная на tut.by Першым у цыкле аповедаў пра тое, «Як TUTэйшыя змянялі свет», стаў Караль Румель – першы ўраджэнец Беларусі, які браў удзел у Алімпійскіх гульнях.

Нарадзіўся гэты ўнікальны чалавек 23 траўня 1888 г. у Гродна ў сям’і нашчадка вестфальскіх дваран, генерала расійскага войска Альфонса Румеля і шляхцянкі Марыі Марцінкевіч. Занятак бацькі прадвызначыў ягоны далейшы лёс. З шасці гадоў хлопчык практыкаваўся ў верхавой яздзе. Караль скончыў Адэскі кадэцкі корпус, Паўлаўскую вайсковую вучэльню і Акадэмію мастацтваў у Пецярбурзе.

Захапленне дзяцінства – конны спорт – прывяло яго ў шэрагі зборнай Расіі на Алімпійскіх гульнях 1912 г. у Стакгольме. Менавіта тут і здарыўся выпадак, які праславіў гарадзенца на ўвесь свет.

У спаборніцтвах па канкуры ўдзельнічаў 31 наезнік, і гарадзенец да апошняга трымаўся ў ліку лідэраў. Аднак на заключным бар’еры яго конь Зяблік спатыкнуўся і паваліўся, прыціснуўшы сабой вершніка. Пераадольваючы страшэнны боль, Румель ускараскаўся на каня і, прытуліўшы руку да грудзей, скончыў дыстанцыю 15-м ды адразу згубіў прытомнасць і быў дастаўлены ў шпіталь. Дактары вывыявілі ў яго пяць зламаных рэбраў!

Шведскага караля Густава V, які назіраў за спаборніцтвамі, так узрушыла мужнасць атлета, што ён загадаў адліць для героя адмысловы алімпійскі медаль, аналагічны залатому. Падобных выпадкаў больш чым стогадовая гісторыя сучасных Алімпійскіх гульняў не ведае.

Адваяваўшы ў Першую сусветную вайну ў Расійскай арміі, Румель пасля стаў маёрам Войска Польскага. У баях супраць бальшавікоў быў паранены і за надзвычайную адвагу атрымаў «Срэбраны крыж». Яшчэ двойчы (у 1924 і 1928 гадах) ён пускаўся ў алімпійскае падарожжа ўжо пад польскім сцягам. Прычым у апошнім выпадку стаў бронзавым прызёрам каманднага турніру па трохбор’і. Гэты медаль можна лічыць першым у гісторыі беларускага алімпізму.

Ён перамагаў у польскіх спаборніцтвах ажно да Другой сусветнай вайны, а потым узняўся на абарону айчыны, трапіў у нацысцкі палон, дзе мусіў перажыць жахі канцлагераў Дахаў і Маўтхаўзен.

Караль Румель выхаваў цэлую плеяду выдатных коннікаў, самы вядомы з якіх – першы польскі алімпійскі медаліст Адам Крулікевіч. Ён гэтаксама паспяхова кіраваў пастаноўкай конных і фехтавальных сцэнаў ў многіх польскіх фільмах. Дзіўна, але ўзімку 1957 года 69-гадовы ветэран на кані Джафары яшчэ перамог у нацыянальных спаборніцтвах у Закапанэ, апярэдзіўшы 57 супернікаў!

Да самой смерці ў 1967-м Румель гэтак ні разу не пабываў у родным Гродне, які цяпер знаходзіўся на тэрыторыі ўжо іншай дзяржавы. Але дзе, як ні ў горадзе над Нёманам, мусіць стаяць помнік першаму беларускаму алімпійцу – задае рытарычнае пытанне аўтар артыкулу Кастусь Лашкевіч.

І сапраўды, імя Караля Румеля падаецца незаслужана забытым у Гродна. Зразумела, што ў савецкія часы ўслаўляць чалавека, які ваяваў супраць бальшавікоў, было проста немагчыма. Зараз усё ж іншыя часы, і беларусам, якія так ганарацца сучаснымі спартыўнымі дасягненнямі сваіх землякоў, будзе недаравальна забыцца пра таго, хто першым узышоў на алімпійскі п’едэстал.

Фота nmn.by

В. Дрэма