Гродна абышоў амаль усіх «абласных»

Упершыню быў створаны рэйтынг 134 беларускіх гарадоў, якія маюць статус адміністрацыйных цэнтраў. Падрабязна з ім можна пазнаёміцца ў навуковым выданні «Рэйтынг гарадоў Беларусі 2008: умовы развіцця чалавечага капіталу». Лепш за ўсё жывецца і працуецца беларусам у Заслаўі, насельніцтва якога, па дадзеных за 2006 год, налічвае 14 тысяч чалавек. Мінск са сваімі палутара мільёнамі жыхароў і званнем сталіцы, мае толькі другое месца. А на трэцім – Фаніпаль, насельніцтва якога складае дванаццаць тысяч чалавек.

Гродна, знаходзіцца на восьмым месцу ў рэйтынгу. Мы абышлі ўсе абласныя цэнтры, акрамя Брэсту (сёмае месца).

Як распавёў «Заўтра тваёй краіны» адзін з распрацоўшчыкаў рэйтынгу Зміцер Бабіцкі:

«Месца ў рэйтынгу – гэта сярэднестатыстычнае абагульненне. Нельга ўспрымаць гэта так, што калі Барысаў стаіць у рэйтынгу вышэй за Бабруйск, то ў Барысаве ўсім жыць лепш. Мы за ўсіх не кажам. Наш рэйтынг – гэта акумуляцыя статыстычных дадзеных. Падчас даследаванняў мы выкарыстоўвалі досвед іншых краінаў: Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны. Але, відавочна, любы рэйтынг суб’ектыўны. І гэты таксама з’яўляецца меркаваннем эксперта. Аднак ён зроблены на падставе абсалютна аб’ектыўных статыстычных паказчыкаў. Таму спрачацца тут можна толькі наконт метадалогіі».

Гарады ацэньваліся па афіцыйных статыстычных дадзеных за 2006 год з улікам шэрагу паказчыкаў: сярэдні налічаны заробак, доля занятых на малых прадпрыемствах, прырост насельніцтва за апошнія 17 гадоў, міграцыйны прырост за апошнія 2 гады, транспартная даступнасць і выкіды забруджваючых рэчываў у атмасферу. Што паказальна, знаходжанне каля вялікага горада дае маленькаму мястэчку вялікую перавагу. Ветка знаходзіцца каля Гомеля і займае месца ў рэйтынгу вышэй. Ляхавічы пакінулі ззаду Баранавічы, ня кажучы ўжо пра Заслаўе, што абыйшло Мінск.

А вось і лепшыя, паводле рэйтынгу, дваццаць гарадоў:

1. г. Заслаўе

2. г. Мінск

3. г. Фаніпаль

4. г. Смалявічы

5. г. Лагойск

6. г. Дзяржынск

7. г. Брэст

8. г. Гродна

9. г. Жодзіна

10. г. Стоўбцы

11. г. Магілёў

12. г. Узда

13. г. Віцебск

14. г. Ветка

15. г. Маладзечна

16. г. Жабінка

17. г.п. Вял. Бераставіца

18. г. Кобрын

19. г. Наваполацк

20. г. Гомель

З’яўленне першай афіцыйнай статыстыкі гарадоў, напэўна можа натхніць «адстаючых» да сумленнай працы. Але, як вядома, такая матывацыя не заўсёды працуе.

Усевалад Шлыкаў

Фота ТС