Вугальная электрастанцыя – будаўніцтва ці плёткі?

Пасёлак, які не здолеў стаць і цэнтрам магутнага інвестыцыйнага праекта Беларусі, і арэнай гульняў паміж «Белэнэрга» і польскім «Кульчык-Холдынг». А гульня павінна была ісці на дзяржаўным узроўні!

 

Задума была нічога сабе. Нарадзілася яна ў лістападзе 2008 на «туманным Альбіёне», і павінна была дасягнуць свайго найбліскучага выхаду на беларускую эканамічную арэну ў жніўні 2010 года. Але за вокнамі ўжо канец восені, і відавочна, ажыццяўленне задумы не зусім супадае з графікам будаўніцтва. А зельвенцы чухаюць патыліцы, узгадваючы, дзе тыя чароўныя 5 кіламетраў ад мяжы пасёлка, на якіх прыпыніцца дзіва дзіўнае – небывалы сінтэз навукі і эканомікі. Першая ў Беларусі вугальная электрастанцыя, якая не толькі цалкам забяспечыць энэргетычныя патрэбы Гродзенскай вобласці, але амаль палову выпрацаванай энэргіі «пусціць» транзітам на Еўропу!

 

А калі ўзяць у разлік танны еўрапейскі вугаль, выкарыстанне якога забаронена на тэрыторыі Еўразвязу, то ім можна літаральна «заваліць» церпялівых беларусаў.

 

Дарэчы, самыя зельвенцы вельмі станоўча ўспрымалі вестку аб буданіўцтве электрастанцыі на беразе іх вадасховішча – аднаго з самых вялікіх (са штучных) на Беларусі.

 

Вытворчасці ў Зельве ніякай – працы добрае не знойдзеш. Трэцяя частка насельніцтва бадзяецца па свеце ў пошуку заробка. Асабліва ўзрадаваліся калгаснік. Вядома, польскі бок даваў на будаўніцтва два мільёны даляраў. «Кульчынк-Холдынг» – не калгас «Светлы шлях»: грошай укладаць у пэўную справу не шкадуюць.

 

Але імпэт жадаючых хутка наказаў «доўга жыць». Па-першае, працоўныя месцы былі прадугледжаны дзеля іншагародніх вахтавым спосабам. Гэта ж не справа – адпускаць калгаснікаў. Па-другое, на арэну выйшлі ахоўнікі навакольнага асяроддзя.

 

З небыцця ўсплылі звесткі, што забруджвання водасховішча пазбегнуць немагчыма, хіба толькі шляхам пераносу самога вадасховішча; што з пачаткам эксплуатацыі электрастанцыі наша гарадзенскае паветра «прыдбае» цяжкія металы, устойлівыя арганічныя злучэнні, аксіды вугляроду і цвёрдыя рэчывы; што, аказваецца, само будаўніцтва распачнецца толькі з узгаднення з экалагічнай экспертызай Мінпрыроды, якое паставіла «Белэнэрга» 11 умоў. Іх выкананне экспертыза ставіць пад сумнеў.

 

Энергія – Польшчы, а рэшткі вытворчасці – нам. Дарэчы, польскіх грошай «Белэнэрга» пакуль не дачакалася. Кіраўніцтва Зельвы наогул каментароў не дае, а зельвенцы да электрастанцыі ставяцца, як да плёткі. Вядома ж, іх ніхто не запытае.

Ілюстрацыя http://www.zelva.by

Падзяліцца |