У Гродне зацвілі кветкі
На дрэвах набрыняюць пупышкі, на гарадскіх клумбах зацвітаюць кветкі, арнітолагі хвалююцца, што птушкі могуць пераблытаць восень з вясной.
Як паведаміла “Твайму стылю” сіноптык Тамара Валадкевіч, тэмпературныя рэкорды дня ў гэтым месяцы былі пабіты неаднойчы, хаця абсалютных максімумаў– 16-17,7 градусаў як у 2000, 2001 і 2002 гадах – тэмпература па вобласці не дасягнула.
Першая дэкада лістапада была вельмі цёплай.
Такой яна бывае раз на 12-15 гадоў.
Цёплае надвор’е будзе трымацца і да канца другой дэкады.
З-за анамальнага лістапада сёлетняя восень будзе перавышаць кліматычную норму, хаця верасень і кастрычнік былі на 1-2 градуса халадней за звычайныя.
Звычайна ў лістападзе, хоць і на кароткі час, але ўстанаўліваецца снежнае покрыва.
У гэтым годзе снег ляжаў толькі адну ноч, і тое на самым поўначы вобласці.
Затое 10 лістапада ў Наваградку прагрымела навальніца.
У Беларусі такое бывае раз на 30 гадоў, а ў Наваградку зарэгістравана ўпершыню з пачатку назіранняў.
На фота: Маргарыткі каля “Азота”
Фота Вольгі Крапоцінай