Гродзенцы галасуюць за цягнік да Варшавы
У касавай зале вакзала 10 лістапада ўстанавілі скрыню, у якую кожны ахвотны можа ўкінуць анкету, адказаўшы “так” ці “не” толькі на адно пытанне: “Ці лічыце вы мэтазгодным прызначыць курсіраванне цягніка злучэннем Гродна-Варшава-Гродна?”.
Як паведаміў “Твайму стылю” начальнік вакзала, на сёння сваё меркаванне выказалі 839 чалавек.
Пераважная колькасць выступае за ўвядзенне новага маршрута.
Акрамя анкет з адказам “так” у скрыні знайшлі 6 незапоўненых анкет і 36 запоўненых неахайна.
Супраць не выказаўся ніводзін пасажыр.
Выказаць сваё меркаванне гродзенцы могуць яшчэ 2 дні.
Увечары 19 лістапада адміністрацыя вакзала прыбярэ скрыню і падсумуе вынікі.
Вывучэнне грамадскай думкі адносна ўвядзення цягніка на Варшаву ў Гродне робіцца з ініцыятывы Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Калі вынікі апытання будуць пераканаўчымі, будзе вырашаца пытанне з закупкай састава, а пазней – з тарыфамі, раскладам і г.д.
Так што ў любым выпадку гродзенскі цягнік на Варшаву з’явіцца яшчэ няхутка.
Фота Асі Тарноўскай