Гарадскія аповеды

|

Неяк, гуляючы па Замчышчы, пачула кавалачак размовы жанчын, якія прыехалі на экскурсію. Яны хвалілі наш город. Усё ім падабалася, але яны казалі, что горад губляе дрэвы, што помнікі гісторыі зараз паглынуць каменныя джунглі: «Шкада, што дух і прыгажосць мінуўшчыны затынкованы сучаснымі матэрыяламі. Таму, акрамя запырсканай, часам патрэсканай, жоўценькай альбо ружовенькай вонкавай тынковачкі і абрысаў пабудовы нічога не ўбачыш».

Экскурсія каля Пажарнай вежы

Больш таго, адна з іх выказала тую думку, якая хвалюе не аднаго гарадзенца: дзесятак год таму яна бачыла горад, які тануў у зеляніне, а сёлета – толькі «шкло і бетон». Знікае былая ўтульнасць, тое, што заўжды прываблівала гасцей і чым ганарыліся гарадзенцы.

 

А што думаюць пра Гродна тыя, хто ўбачыў сучасны, сённяшні горад, напрыклад, студэнты? Дар’яна, змяніўшая на наш горад сталіцу:

 

– Я хацела вучыцца менавіта ў Гродна. Мяне вабіў яго тэмп, няспешны і разважлівы. Тут спакойна і не тлумна. У Мінску я не маю магчымасці павольна ісці па вуліцы, проста гуляць. Там зусім іншы тэмп: усе недзе спяшаюцца, кудысьці бягуць, і гэты натоўп падхоплівае і нясе цябе, нават супраць тваёй волі, а вывярнуцца з яго амаль немагчыма. А яшчэ мяне ўражваюць адносіны людзей адзін да аднога і да навакольных. У Гродна людзі больш добрыя і ветлівыя. У Мінску, калі спытаеш, як куды-небудзь прайсці або дзе штосьці знаходзіцца, ад цябе хутчэй адмахнуцца і, нават, калі ведаюць, то скажуць, што не ведаюць, у лепшым выпадку падкажуць нумар аўтобуса ці трамвая. Тут – не, ты спытаеш і табе падрабязна растлумачать. Яшчэ у мяне, можна сказаць, бзік на кафэ. У Гродна я магу сабе дазволіць зайсці ў адно з іх і адпачыць з кубачкам кавы. Таксама падабаецца гістарычная атмасфера ў старой частцы і вузенькія вулачкі. Гэта так прыемна!

>

Апошняе дрэва на вуліцы

Анастасія: Я прыехала з Ашмянаў. Для мяне Гродна малаваты, хочацца жыць у больш вялікім горадзе. Як гэта не дзіўна, я люблю шум вялікіх гарадоў: машыны, начныя клубы, кіно і тэатры. Гродна ж прыцягвае тым, што ён адначасова шумны і спакойны, сучасны і гістарычны, а яшчэ ён – рамантычны. Гэта якраз тыя рысы, якія мне падабаюцца. Мой родны горад – «горад плётак», усе адзін аб адным ведаюць усё. У Гродна ж кожны заняты сваімі справамі і ніхто не звяртае на цябе асаблівай увагі. Адным словам, Гродна – горад мары, у якім усё прапахла гісторыяй стагоддзяў. Але хацелася б бачыць больш вялікіх і прыгожых паркаў, сквераў і фантанаў.

Пасля дажджу

Валянціна: Я – з гарадскога пасёлка Воранава і апынулася ў зусім іншым навакольным асяроддзі. У параўнанні з маёй малой радзімай Гродна падаўся нейкім неабсяжным і зусім мне не спадабаўся. Вечны шум, мітусня, вялікая колькасць людзей, усе кудысьці спяшаюцца – нагадвае вялікі мурашнік… Мне было вельмі цяжка зарыентавацца ў гэтым няспынным руху. Але даволі хутка я да гэтага прывыкла, і цяпер мне нават да спадобы жыць у гэтым рытме. Жыццё – гэта няспынны рух, і прыемна разумець, што ты – у ім! У Гродна я ўжо два месяцы і наведала шмат цікавых мясцін. Мне падабаецца гэты горад тым, што тут шмат цікавых і незвычайных людзей, прыгожых гістарычных мясцін. І я спадзяюся, што з цягам часу ён стане для мяне такім жа родным, як і Воранава.

 

Юлія, гарадзенка: Я вельмі люблю свой горад, і не хацела б жыць у іншым. Я бывала ў розных гарадах, але ў Гродна спакайней і прыемней, і людзі тут больш ветлівыя. Вядома, у Гродна ёсць свае недахопы, напрыклад тое, што дрэвы па большай частцы засталіся толькі ў старых спальных раёнах. Але гэта пытанне да адміністрацыі. Мне вельмі падабаецца гуляць з сябрамі, ды і ў адзіноце, па гістарычным цэнтры гораду: калі ўключыць фантазію, можна ўбачыць нейкія карціны з мінулага.

Фота аўтара