Адзін дзень з жыцця археолага

| Без катэгорыі

Намёты замянілі на маленечкую драўляную хатку. Аднак археолагі – гэта не тыя, хто баіцца цеснаты і неабходнасці спаць на падлозе. І ў хуткім часе гэтае месца становіцца для нас другім домам.

 

Раніца археалагічных будняў пачыналася з прабуджэння дзяжурных, яны ўставалі на паўтары гадзіны раней за астатніх і гатавалі сняданак. Пакінуўшы гігіенічныя працэдуры за плячыма, мы адпраўляліся на працу. Наш раскоп быў прыкладна ў кіламетры ад жытла. Хлопцы і дзяўчаты неслі на сабе ўвесь археалагічны інструмент. Загружаныя лапатамі, вёдрамі, саўкамі і іншым «дабром» прыходзілі на раскоп.

Наш аб’ект – гэта могільнік XV – XVIIIст., заданне амаль ва ўсіх аднолькавае – зачыстка шкілетаў. Да канца першага тыдня ў валанцёраў склалася своеасаблівая «магільная» мова.

Успамінаецца такая сітуацыя. Да кіраўніка экспедыцыі падыходзіць хлопец, які ўжо скончыў сваю працу, і кажа: «Сфатаграфуйце, калі ласка, мой труп». Валанцёры зразумелі аб чым мова, а мясцовы жыхар, які стаяў на краі раскопу – не.

>

Арганізацыя абеду – таксама справа дзяжурных. Яны збіралі сухое галлё (да канца месяца яго зусім не засталося ў радыўсе 100 м) і распальвалі вогнішча. Гарбата заўсёды была з попелам і лісцікамі з дрэў. Але мы не скардзіліся, рады былі цепламу піццю. Да гарбаты «падавалі» бутэрброды – чорны хлеб з пашцетам. І так кожны дзень. З тыдня ў тыдзень. Да гэтае пары не магу глядзець на чорны хлеб!

 

І зноў у раскоп. За месяц сумеснай працы было расказана каля сотні анекдотаў і тысячы смешных жыццёвых гісторый. Праводзіліся конкурсы на самы смешны анекдот, на самы кароткі, самы дурны і г.д. Былі і свае папулярныя гульні. Знакамітая гульня ў гарады пратрымалася гадзіны тры. А ў канцы месяца засталася толькі адна гульня, тая, на якую толькі і хапала сіл і фантазіі: гульня ў ассацыяцыі… Ва ўсіх кожнае слова ассацыіравалася з ежай, археалогіяй, могільнікам і сесіяй.

 

Гадзін у шэсць пачыналі збірацца «дахаты». Назад мы нясем яшчэ і пару пакетаў са шкілетамі, якія былі нам добрымі суседзямі цягам усёй экспедыцыі. Дачакаўшыся сваёй чаргі памыцца, а потым і павячэраць, кожны выбіраў сабе справу па душы. Увечары ўсе збіраліся ў адным пакоі і пелі песні пад гітару. Да канца першага тыдня заспявалі нават тыя, якія ніколі да экспедыцыі гэтага не рабілі.

Тыя, хто вытрымаў усе цяжкасці археалагічных будняў, каго не напалохала дажджлівае надвор’е і аднастайная ежа, назаўсёды застануцца адной археалагічнай сям’ей.