ГАРОДНЯ І ГАРАДЗЕНЦЫ Ў СЕЦІВЕ

|

У чарговым аглядзе цікавых інтэрнэт-матэрыялаў пра Гарадзеншчыну і Гарадзенцаў – крытычныя меркаванні адносна такой блізкай будучыні і такога адносна недалёкага мінулага.

 

Аргуманты адчаю

На гэтым тыдні ў Астраўцы павінна было распачацца будаўніцтва дамоў для будучых будаўнікоў АЭС. На працягу двух апошніх месяцаў некалькі мясцовых жыхароў, нязгодных з рашэннем ўраду абраць пад будаўнічую пляцоўку менавіта гэты кавалак Гарадзеншчыны, марна спрабавалі дамагчыся ад мясцовых уладаў шанса выказаць свё меркаванне па гэтым пытанні. Праводзіць пікеты ў раённым цэнтры і вёсках раёну забаранілі, сход грамадзян з удзелам прадстаўнікоў улады і экспертаў не дазволілі, артыкул у раённай газеце не надрукавалі. Адзінае, што зрабіць уладам не ўдалося, дык гэта настроіць адмысловыя фільтры, якія б выдалялі з розных сайтаў ды блогаў любую крытычную інфармацыю пра беларускі атамны праект.

Сярод дастаткова вялікай колькасці такога кшталту матэрыялаў вылучаецца надрукаваны днямі на старонцы naviny.by артыкул Алеся Юркойця (на здымку) «Шэсць аргументаў супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне». Тэкст ў астравецкага краязнаўцы атрымаўся вельмі шчырым, такім, якім і павінен быць допіс чалавека, малая радзіма якога апынулася пад пагрозай. Ужо адзін гэты факт заслугоўвае кароткага пераказу »аргументаў» са старонак «Твайго стылю». Такім чынам:

 

Аргумент першы — бяспека. Алесь Юркойць нагадвае, што менавіта на Астравеччыне ў 1909 г. быў зафіксаваны прэцэдэнт самага моцнага беларускага землятрусу. Беларускія адмыслоўцы (Р.Гарэцкі, А.Емяльянаў, А.Бабарыкін) ацанілі той землятрус у 7 балаў паводле шкалы Рыхтара. І сёння намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк пагадзіўся з тым, што менавіта ў Астравецкай пляцоўкі бал сейсмічнасці найвышэйшы з усіх чатырох патэнцыйных пляцовак (naviny.by, 04.06.2008).

 

Другі аргумент — прырода. На думку аўтара, будаўніцтва АЭС на Астравеччыне будзе азначаць разбурэнне ўнікальных прыродных комплексаў, якія знаходзяцца на берагах ракі Вяллі-Віліі (такіх, як напрыклад ваколіцы гары Замкоўкі, пра якую150 гадоў таму пісаў заснавальнік беларускай навуковай археалогіі Канстанцін Тышкевіч), а таксама ў межах яе вадазабору (у тым ліку гэта заказнікі — Блакітныя і Сарачанскія азёры плюс Нарачанскі Нацыянальны парк).

 

Па-трэцяе — турызм. І без АЭС увесь Астравецкі раён — памежная зона. Будаўніцтва атамнай станцыі ў самым цэнтры раёна дадасць да гэтага яшчэ адну зону — рэжымную. У выніку й без таго абмежаваныя магчымасці турызму будуць цалкам закрытыя. І ніхто не пабачыць: адзінай у Беларусі даўняй Кальварыі ў лесе ўздоўж Віліі (гэта ў нас у Дубку), цудадзейнага абраза Маці Божай у Гудагаі, Дубніцкай сядзібы, у якой пісаў свае творы нобелеўскі лаўрэат Генрых Сянкевіч, сядзібы ў Трокеніках, дзе прайшло дзяцінства сусветна вядомага мастака Мар’яна Богуша-Шышкі, радавой сядзібы Бжастоўскіх ля Міхалішкаў, дому ў Баранях, дзе нарадзіліся славутыя браты Стаповічы, старажытнай цэнтральнай плошчы XVIII ст. у Варнянах, на якой няма ніводнага будынка пабудаванага нават у XIX стагоддзі і шмат-шмат усяго іншага, што захавалася і дажыло да XXI стагоддзя на Астравеччыне і чаго няма ў наваколлі Кукшынаўскай, Краснапалянскай ці Верхнедзвінскай пляцоўкаў і болей нідзе ані ў Беларусі, ані ў свеце.

 

Чацьвёрты аргумент — вада. Вада з Вяллі і без АЭС у даволі вялікім аб’ёме забіраецца для патрэбаў сталіцы. Са словаў інжынера ГУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» Уладзіміра Петрушкевіча, якраз адным з асноўных фактараў прыняцця рашэння будаўніцтва АЭС менавіта ў Астравецкім раёне з’явілася наяўнасць тут дастатковай колькасці водных рэсурсаў. А гэта якраз гаворка пра Вяллю, якую летась нават у ніжнім цячэнні (пад Коўнам) можна лёгка пераходзіць уброд…

 

Пятае — вецер. У Беларусі пераважаюць паўночна-заходнія вятры і дастаткова бегла зірнуць на карту, каб зразумець, што ў выпадку аварыі, альбо нават адзінкавага радыяцыйнага выкіду, воблака з 90%-най доляй верагоднасці будзе рухацца на Мінск. Да таго ж з усіх прапанаваных Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў найбліжэйшым прыбліжэнні да сталіцы.

 

І апошняе, шостае, — стронга. На гербе Астраўца змешчана выява стронгі (фарэлі), гэта рыба сямейства ласасёвых і яна водзіцца прынамсі ў пяці рэках Астравецкага раёну. А, як вядома, стронга можа існаваць толькі ў чыстай і досыць халоднай вадзе і гэта лепшы індыкатар экалагічнага стану нашых рэк. Хто ведае, якой стане Маці-Вялля-Вулляна ўжо праз бліжэйшыя 8-10 гадоў? Ці захоча пасля прыняць яе ў свае абдымкі Бацька-Нёман? – піша Алесь Юркойць. Верагодней за ўсё, пералічаныя аўтарам аргуманты вядомыя тым, хто прымаў рашэнне пра будаўніцтва АЭС менавіта на Астравеччыне. Сваё рашэнне яны аргумантуюць эканамічнай мэтазгоднасцю і сотняй іншых важных прычын. Малая Радзіма Алега Юркойця для іх (а можа – і Радзіма ўвогуле?) зараз усяго толькі «будаўнічая пляцоўка». «Шэсць аргументаў» Юркойця на гэтым фоне выглядаюць як адчайны крык заблукалага ў пустыні адзінокага вандроўніка. Але гэты голас выклікае павагу і заслугоўвае быць пачутым!

 

Пра герояў, бандытаў і антысемітаў

Галівудская кінастужка пра партызанскі рух на Гарадзеншчыне выклікала хвалю крытыкі ў Польшчы і ў Расіі. У цэнтры скандала аказаўся фільм Эдварда Цвіка «Выклік» (Defiance) з Дэніэлам Крэйгам (Джэймс Бонд) у галоўнай ролі (на здымку). Сюжэт карціны пабудаваны на рэальнай гісторыі пра жыдоўскі (ўжываю гэтую назву не з мэтай абразіць прадстаўнікоў гэтай нацыі, а толькі таму ў беларускай мове гістарычна гэты народ так і называлі – аўтар) партызанскі атрад, які ў часы Другой Сусветнай вайны дзейнічаў пад Наваградкам. У матерыялах, прысвечаных дзейнасці атрада, праўда, не раз са спасылкай на братоў Бельскіх падкрэсліваецца, што для іх важней было «ўратаваць аднаго жыда, чым забіць дзесяць нямецкіх салдат». Як піша на старонцы РОСБАЛТА нехта Аляксей Цімафеяў («Еврейские партизаны злят Польшу»), абурэнне ў польскіх кінакрытыкаў выклікала празмерная, з іх пункту гледжання, гераізацыя Тувіі Бельскага. На думку многіх палякаў, Бельскі быў хутчэй не героем, а звыклым бандытам. Менавіта яго камуністычнаму атраду прыпісваецца знішчэнне больш за сотні польскіх (?) мірных жыхароў у мястэчку Налібокі на Наваградчыне ў 1943 г. (па афіцыйнай савецкай версіі ў гэты дзень у Налібоках быў знішчаны нямецкі гарнізон самаабароны, аснову якога складалі палякі). Іншая прычына для крытыкі знайшлася і ў некаторых расейскіх кінакрытыкаў.

 

Так, Алег Сакулькін з «Нового Русского Слова» бачыць у стужцы ледзь не праяву сіянісцкай змовы! «Інтарэс Галівуда – піша аўтар артыкула «Приключения партизана Каца», спецыфічны, нацыянальна-этнічна афарбаваны. Напрыклад, сярэдняга брата Бельскага, які ваюе ў рэгулярным беларускім партызанскім атрадзе, увесь час зневажаюць на нацыянальнай глебе. У несвядомага гледача – а 99,9% амерыканскай аўдыторыі можна смела да гэтай катэгорыі аднесці, – гэта ўмацуе ў перакананні, што антысемітызм адкрыта культываваўся ў СССР у гады вайны». У падмацаванне сваёй высновы аўтар спасылаецца на цытату з неназванай ангельскай газеты.

 

Маўляў, чыкагскі жыд Цвіг зняў фільм па замове галівудскіх магнатаў-жыдоў, якім падабаецца, калі гераізуюць іх супляменнікаў. У «Спісе Шындлера» і «Піянісце» жыдам адведзена роля пасіўных пакутнікаў, а зараз важна паказваць іх як смелых нашчадкаў макіявеяў, якія агнём і мячом караюць ворагаў. Такая гераізацыя, маўляў, дапаможа схіліць сусветную грамадскую думку на карысць Ізраіля, які вядзе бязлітасную вайну з Палестынай. Пра «беларускі» аспект кінастужкі Эдварда Цвіга (дарэчы, у эпізодах тут здымаўся адзін з аўтараў «Твайго стылю») пакуль водгукаў не было. Таму глядзіце і каментуйце, бо лепш адзін раз пабачыць….