Дастаеўскі ў індустрыяльнай прасторы

|

Трупа чэскага тэатру Dejvickie Divadlo прыязджае ў кракаўскую Новую Хуту, каб паўдзельнічаць у тэатральным фестывалі прысвечаным Дастаеўскаму. У індустрыяльных цэхах артысты хочуць паказаць сваю пастаноўку «Братоў Карамазавых» – спектакль, які яны паспяхова граюць не першы год. Разам з нешматлікімі працоўнымі і арганізатаркай фестывалю мы назіраем за генеральнай рэпетыцыяй, дзеянне якой змешваецца з асабістым жыццём актораў і аднаго з гледачоў – працаўніка цэху, сын якога знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане.

Межы рэальнасці хутка размываюцца: часам не адразу зразумела, ці акторы ўжо граюць, ці толькі адпачываюць паміж сцэнамі. Глядач-рабочы верыць, што тыя граюць менавіта для яго. Глядач у кіназалі прымушаны сачыць уважліва: частыя пераходы паміж жыццём і фікцыяй блытаюць. Свет Дастаеўскага, упісаны ў індустрыяльную прастору «горада без Бога», складаецца з Зямлі, дзе адбываецца рэпетыцыя чэхаў, Пекла, то бок поўнага жару цэху плаўкі метала, і Неба, дзе таксама рэпетыруюць, але ўжо поўны спакою і хараства танец. Вось толькі ў Пекле быццам бы неяк прасцей, чым сярод герояў п’есы.

Акторы штораз здзіўляюць вынаходлівасцю, ствараючы з элементаў фабрыкі дэкарацыі. Граюць шчыра і самааддана, уваходзяць не толькі ў ролю герояў п’есы, але і саміх сябе. Актор Іван Троян грае перш за ўсё актора Івана Трояна. Музыка ашчадна падкрэслівае істотныя моманты. Задумацца таксама ёсць над чым: не толькі над вечнымі пытаннямі Фёдара Міхайлавіча, але і над адказнасцю мастака, артыста. Усё як мае быць у добрым фільме.

Для жыццярадаснага Зэленкі «Карамазавы» сталіся першым настолькі сур’ёзным фільмам. Аднак наўрад ці гэта пачатак новага шляху. Сам рэжысёр мае намер вярнуцца да больш лёгкай атмасферы папярэдніх стужак. Як сёння паказваць класічныя творы? Просты перанос дзеяння ў наш час не быў бы адпаведны. Так ужо не аднойчы рабілі, пры тым безвынікова. Зэленка прапануе зрабіць крок за межы, ужыць трансгрэсію і гэта спрацоўвае. Вось ён – кіна «плюс» тэатр. Гэта вам не «Тутэйшыя» нейкія.

Фільм: Карамазавы / Karamazovi, Чэхія-Польшча 2008 г., 100 хв.

Рэжысёр: Пэтр Зэленка

Жанр: драма / камедыя

Аляксей  Шота