Новая кніга “Гарадзенскай бібліятэкі”

|

Выданне прымеркаванае да 100-годдзя Апанаса Цыхуна. Пакуль выйшаў толькі першы з двух тамоў пад назвай “…Улюбёны я ў сваю зямлю”.

 

Укладальнік кнігі, Іван Буднік, піша ў прадмове:

“Гэта творчая спадчына, найбольш значныя яго творы.

Яны ў свой час друкаваліся ў розных газетах і часопісах, некаторыя выходзілі асобнымі кніжкамі, невялікімі накладамі ў дрэнным афармленні і амаль зніклі, хаця і захоўваюць сваю навуковую і мастацкую вартасць.

…Гэта не толькі спадчына Апанаса Цыхуна, але і спадчына многіх пакаленняў гарадзенцаў, якую рупліва, з любоўю да нашага краю, нашай мовы, да мінуўшчыны на працягу свайго жыцця нястомна збіраў, вывучаў Апанас Пятровіч.

Збіраў па вёсках у час сваёй працы інспектарам райана, працуючы ў архівах, вывучаючы старажытныя фаліянты і навуковую літаратуру, і перадаў наступным пакаленням як бясцэнны народны здабытак”.

 

Прэзентацыя збору твораў Апанаса Цыхуна “…Улюбёны я ў сваю зямлю” плануецца ў бліжэйшы час.

Выдавецкая серыя “Гарадзенская бібліятэка” заснаваная гарадзенскім Рухам за Свабоду ў 2007 годзе.

Тэмай гэтай серыі стала Гародня, яе гістарычная спадчына, культура, літаратурныя дасягненні. 

Выданні, якія выйшлі  ў межах “Гарадзенскай бібліятэкі”, можна знайсці на сайце http://kamunikat.org