Манета – як адбітак гісторыі

| Без катэгорыі

– Іна Аляксандраўна, з якой нагоды арганізавалася выстава?

– Выстава прысвечана заснавальніку музею Юзафу Ядкоўскаму. Хоць ён і быў археолагам, але з дзіцячых гадоў захапляўся нумізматыкай. Ён і стаў пачынальнікам музейнай калекцыі манет. Вядома, што да 1939 году калекцыя налічвала каля 15 тысяч экземпляраў. Але пасля вайны засталося вельмі мала. Дырэктар музею быў вельмі папулярнай асобай у свой час. Ён карыстаўся бязмежным даверам не толькі калекцыянераў, але і простых людзей. У 20-я гады ў перыяд узнікнення Польскай дзяржавы пракацілася хваля патрыятызму. Людзі прыносілі калі ў дар, а калі і на некаторы час Ядкоўскаму каштоўныя рэчы, у тым ліку і манеты.

 

– Прадстаўленыя экспанаты сабраныя са усёй тэрыторыі Беларусі?

– Не, толькі з Гарадзеншчыны. Але ў нас на выставе ёсць муляжы грыўн, якія былі знойдзеныя ў сарака кілаграмовым скарбе пад Вільняй. Яны прадстаўлялі сабой срэбныя сліткі прадаўгаватай формы. Ні да таго ні пасля – такога скарбу не знаходзілі. Дзесяць сліткаў былі выкупленыя Ядкоўскім, а астатнія пераплаўленыя ювелірамі. На вялікі жаль, пасля вайны яны зніклі, засталіся толькі замалёўкі, па якіх і зрабілі муляжы.

 

align=”left” >– Колькі агулам скарбаў у фондзе музею?

– Пятнаццаць. Апошні быў знойдзены ў 2002 годзе на вуліцы Траецкай. Адзіны скарб, які дастаўся музею ад археолагаў (усміхаецца). Праўда, скарб пабываў у агні і таму больш за сотню манет – у дрэнным стане. А так, галоўным чынам скарбы знаходзяць у агародах на сваіх лецішчах і г.д. Вось так, напрыклад, у вёсцы Вішава каля прыдарожнага каменя ў 50-х гадах быў знойдзены скарб.

 

– А вітрыны і іншы інвентар былі адмыслова замоўленыя для нумізматычнай выставы?

– На жаль, вітрыны былі зробленыя даўно і не для гэтай мэты. Узятыя з іншых выстаў, яны не прыстасаваныя да дэманстрацыі манет. Для нумізматычнай выставы патрабуецца вельмі дарагі інвентар з падсвятленнем, патрабуюцца лупы і іншыя прыстасаванні. А фінансы…Ну, не хапае іх адным словам. Таксама частка сродкаў ідзе на арганізацыю аховы.

 

– Якія з прадстаўленых экспанатаў самыя каштоўныя?

– Цяжка сказаць. Для розных людзей розныя крытэрыі каштоўнасці. Кожны шукае сваё. Некаторыя ў дзяцінстве збіралі манеты – яны шукаюць у калекцыі такія, якія былі ці ёсць у іх. У калекцыянераў зусім другі погляд…


– А для вас, якія самыя каштоўныя манеты?

– У мяне няма «любімчыкаў» сярод манет. Для мяне ўсё каштоўнае і цікавае. Калі яны выдаваліся, якія асаблівасці і г.д.

 

– Якія экспанаты на ваш погляд могуць зацікавіць наведвальнікаў?

– Кожны можа для сябе знайсці штосці цікавае. У калекцыі прадстаўлена больш за тысячу манет. Самая старая датуецца 90-мі гадамі ІІІ ст. да н.э. Апошняя манета – 2010 году Нацбанка, прымеркаваная да 600-годдзя Грунвальдскай бітве. Мы яе атрымалі ў верасні перад самым адкрыццём выставы. Акрамя гэтага выстаўляюцца гаманцы, капілкі і пояс з срэбных манет – арыгінал. Зробленыя ў ХVІІІ-ХІХ ст., срэбныя тонкія ланцужкі звязаныя паміж сабой з устаўленымі манетамі, якія датуюцца ІV ст. Яшчэ ёсць такі цікавы момант: па некаторых манетах можна прасачыць антрапалагічны выгляд каралёў, якія доўга кіравалі. Напрыклад, манеты перыяду кіравання Жыгімонта ІІІ Вазы, прадстаўленыя на выставе – па змене намінала можна прасачыць як змяняўся кароль знешне: ад барады да лысіны. Ёсць рэдкасныя экзэмпляры, напрыклад, манета Баляслава Адважнага Х –ХІ стст. у свеце ёсць толькі тры такія манеты, і адна з іх – у нас.

– Дык пра што могуць распавесці манеты?

– Пра многае! Гісторыю свайго краю, і не толькі. Вывучаючы манеты, можна вывучаць краіны, іх раслінны свет (на ліванскіх манетах – выява ліванскага кедру). І такіх прыкладаў шмат.

 

Манеты рабілі гравёры, і не простыя, а лепшыя з лепшых! Можна прасачыць гісторыю мастацтва, гісторыю архітэктуры, зброю і іншае. А па старажытных манетах можна вывучаць міфалогію.

 

Нумізматычная выстава была адкрыта 11 лістапада і будзе працаваць цэлы год. Хто яшчэ не зведаў яе, сардэчна запрашаю!

 

Падзяліцца |