Еўразвяз ухваліў 6 праектаў з удзелам Гарадзеншчыны

|

Каля 300 тыс. еўра будзе выдаткавана на стварэнне 8 турыстычна-інфармацыйных пунктаў на беларуска-польскім памежжы.

 

Як паведаміў “Твайму стылю” кіраўнік нядаўна завершанага беларуска-польскага праекта “Невядомая Еўропа” Сяргей Каляда, такія цэнтры дазволяць аператыўна шукаць інфармацыю пра розныя турыстычныя аб’екты, магчымасці адпачынку і харчавання для турыстаў, рознага кшталту цікавыя імпрэзы, якія адбываюцца на беларуска-польскім памежжы і могуць быць цікавымі турыстам.

 

Такія цэнтры могуць паўстаць у Міры, Наваградку, Смаргоні, Свіслачы, Сапоцкіне. На думку эксперта, Гарадзеншчына мае багаты турыстычны патэнцыял, але не ўмее пакуль належным чынам “прадаваць” свой турыстычны прадукт.

 

Праекты падаваліся арганізацыямі з Гарадзеншчыны і Падляскага ваяводства Польшчы ў межах конкурса Праграмы Дабрасуседства Беларусь-Польшча-Украіна. На ўдзел у гэтым конкурсе было пададзена 307 заявак.

 

Як ужо паведамляў “Твой стыль”, каля 4 млн. еўра пойдзе на рэалізацыю сумеснага праекта беларускіх і польскіх медыкаў.

 

Польская гміна Пласка і гарадзенскі райвыканкам зоймуцца будаўніцтвам дарог у раёне Аўгустоўскага канала (кошт інвестыцыі – 1,5 млн. еўра).

 

Па абодва бакі мяжы будуць створаныя асяродкі апекі для людзей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі (800 тыс. еўра).

 

На здымку: прэзентацыйны стэнд Гарадзеншчыны на турыстычным кірмашы ў Варшаве (красавік, 2010 г.).

Фота http://www.suwalki-turystyka.info.pl