Гродна на прышчэпках

Перабіраючы фільтры і пласты, заўсёды можна вярнуцца назад і выправіць недакладнасць, а не вывяраць кожны рух свайго пэндзля і ўкладваць у яго маленькую часцінку самога сябе. Прасцей, праўда? І ўжо даўно нікому не здаецца дзіўнай думка пра тое, што мастакі хутка наогул знікнуць як від і будуць глядзець на нас толькі са старонак падручнікаў па мастацтвазнаўстве.

 

Тым суцяшней аўтару (дарэчы, безнадзейнаму скептыку) было даведацца пра выставу зусім юнага гродзенскага мастака Арсенія Чубіча. «Для тых, хто забыўся …» – так называлася экспазіцыя з 10-ці работ маладога таленту, і была, па словах Арсенія, адрасавана ўсім, хто жыў у нашым горадзе ці проста наведваў яго. У працах Арсенія вы не знойдзеце ўжо «заезджаныя» пейзажы з драмтэатрам або Каложай. Ды што там! Палову месцаў вы нават не пазнаеце. Аблезлыя, пыльныя, нібы недзе затрымаліся ў 20-м стагоддзі, але разам з тым такія ўтульныя і добрыя падворкі і вулачкі Гродна. Той іншы бок горада, тыя месцы, куды не прывядзе ні адна экскурсія. Усё гэта ў карцінах Арсенія.

>

Аресній Чубіч побач са сваімі творамі

Маляваць ён пачаў даўно, калі бацькі аддалі хлопчыка ў студыю выяўленчага мастацтва ў Палацы піянераў. Спрабаваў сябе і ў іншых відах мастацтва, але спыніўся на жывапісе. Гэтаму, па словах Арсенія, вельмі моцна паспрыяў выкладчык ў студыі. «Дзякуючы яму, я люблю тое, што раблю», – успамінае юны мастак пра свайго першага настаўніка. Потым была мастацкая школа, шмат працы, вывучэнне розных тэхнік жывапісу. Але, калі любіш тое, што робіш, стомленасці не заўважаеш, так жа? Вось і Арсеній, напэўна, нават не заўважыў, як надышоў час яго першай выставы.

 

Ідэя выставы нарадзілася ўлетку ў часе шпацыру па родным горадзе. А праз пару месяцаў усё было гатова для таго, каб выставіць сваю творчасць на суд публікі: у адной з рэкрэацый школы паміж дзвюма вешалкамі працягнулі вяроўку і дзесяць карцін Арсенія прышпілілі да яе за прышчэпкі. Плюс – пара лямпаў для падсветкі і спецыяльна падабраная музыка. Што яшчэ трэба? Ды нічога. Прастата антуражу дзіўным чынам дапаўняла самі карціны, дакладней не перашкаджала ўспрыманню.

Першы блін камяком не выйшаў, але атрымаўся крыху недапечаным. Віной таму і слабенькая наведвальнасць, і некаторыя арганізацыйныя праблемы (на жаль, дзіцячыя дыскатэкі ў школе з’яўляюцца, мабыць, стратэгічна важнай падзеяй, якія нельга адмяніць нават пры нагодзе творчага дэбюту сапраўднага мастака). Але для Арсенія галоўным было паказаць сябе. І усё, што ад яго залежала, ён зрабіў, чым і застаўся задаволены.

 

Ужо вясной Арсеній паабяцаў прадставіць сваю новую выставу – таксама пра Гродна (або гродзенцаў, тут сакрэт не выдаецца). Кажа, што цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Відаць, знікненне мастакоў як віду адкладаецца як мінімум яшчэ на адно пакаленне. Не ведаю як вы, а аўтар шчыра рады з гэтай нагоды.

Фота аўтара