У Мінску прэзентавалі “Ладдзю Роспачы” Уладзіміра Караткевіча
У кнізе можна пабачыць рукапіс, чарнавыя накіды, невядомые фотаздымкі Караткевіча, зробленыя Сяргеем Панізьнікам, аналіз правак.
Удзел ў прэзентацыі прынялі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Васіль Сёмуха, Сяргей Панізьнік, людзі, якія ў свой час былі ў добрых зносінах з Караткевічам і маюць непасрэднае дачынне да новага выдання.
Таксама на мерапрыемстве выступілі Лявон Вольскі і гурт Rahis. А каб пабачыць беларускіх класікаў, у Мінск прыехалі дзеткі з Вілейкі, якіх Лабадзенка частаваў цукеркамі.
Ахвяраванні на выданне кнігі збіраліся цягам 2-3 месяцаў. Арганізацыяй гэтай справы займаўся вядомы журналіст Глеб Лабадзенка (на здымку вышэй).
Ужо не першы раз народ грашыма дапамагае ў добрых намерах журналіста. Напрыклад, неабыякавыя беларусы сваімі сродкамі ўсталявалі помнік бабулі Караткевіча, а сястры Быкава набылі газавую пліту.
Амаль 46 гадоў “Ладдзя Роспачы” чакала, каб ачысціцца ад савецкага цэнзарскага бруду. І гэты час настаў!
Цікава, што цэнзары крэслілі словы беларус, Беларусь.
– Гэта невыпадкова, што выкідваліся гэтыя словы, бо твор насычаны беларускасцю,- кажа Генадзь Бураўкін (на здымку разам з Арловым). Цэнзары паглуміліся нават над жанрам твора: прыпісвалі аповесць, легенду, хаця ў Караткевіча – навела. А слова “Ладдзя” ўпэўнена пісалі з маленькай літары. Такіх вось недарэчных правак у творы даволі шмат.
Цікава, што “Ладдзя Роспачы” была надрукавана ўпершыню ў перакладзе на рускую мову Васіля Сёмухі (на здымку) ў часопісе “Неман”.
І толькі праз 10 выйшла на беларускай мове. І зараз можна дакрануцца да сапраўднага твара Караткевіча.
>
– Цяпер рыхтуецца пабачыць свет 25-томнік твораў пісьменніка. А ці не будзе ён знявечаны цэнзарамі?- гаворыць Уладзімір Арлоў (на здымку).- І ўсё ж калі будзе створаны помнік Караткевічу і яго героям? Невядома. Я мару, калі гэтага балвана дэмантуюць ля кнігарні ( помнік Калініну – аўт.).
– Валодзя быў апосталам беларускай зямлі- сказаў Генадзь Бураўкін. І выданне непадцэнзурнай “Ладдзі Роспачы”- сапраўдны падарунак да 80-годдзя Караткевіча.
Фота аўтара