Алесь Міхалевіч: Хто б ні стаў прэзідэнтам, упэўнены, жыць стане горш

|

– Алесь Міхалевіч дамогся свайго і стаў прэзідэнтам. Ці ёсць у вас людзі, каб паставіць на месца сённяшніх міністраў, губернатараў, іншых кіраўнікоў?

– Упэўнены, што ў мяне ёсць людзі, з якіх можна сфармаваць урад. Гэта, у тым ліку асобы, якія сёння дастаткова вядомыя. Некаторыя з іх — гэта маладыя спецыялісты. Што тычыцца губернатараў, то я веру ў мясцовае самакіраванне. Я веру, што кіраўнікі абласцей і кіраўнікі гарадоў павінны выбірацца жыхарамі гэтых гарадоў.


– Колькі мусіць быць супрацоўнікаў праваахоўных органаў на пэўную колькасць насельніцтва? Нашая колькасць міліцыі адпавядае гэтаму ці не? Што будзе з ёй?

– Незалежна ад таго, хто зараз прыйдзе да ўлады, кіраўнікі дзяржавы вымушаны будуць праводзіць сур’ёзныя эканамічныя рэформы. Вядома, што падчас эканамічных пераўтварэнняў злачыннасць расце, злачыннасць вылазіць на паверхню. Таму, на мой погляд, не трэба гаварыць пра неабходнасць скарачэння міліцыі. Іншае пытанне, што ў міліцыі зараз служыць вельмі шмат людзей, якія не нясуць непасрэднай працы па ахове грамадскага правапарадку і па пошуку злачынцаў: гэта розныя прафесійныя службы, экспертныя службы, гэта абсалютна розныя падраздзяленні, якія ходзяць у форме, але непасрэдна міліцэйскай працай не займаюцца. Гэтыя людзі будуць пераведзеныя ў стан звычайных цывільных супрацоўнікаў.

 

– Ці трэба зараз узяць і зачыніць усе нерэнтабельныя прадпрыемствы?

– Калі прадпрыемства вінна грошы іншым суб’ектам гаспадарання, то адзіным сродкам спагнаць гэтыя грошы з’яўляецца працэдура банкруцтва. Таму зразумела, што ў пэўны момант, плаўна, не адразу, спыніцца падтрымка і штучнае ўтрыманне на плыву нерэнтабельных прадпрыемстваў. Гэта абсалютна нармальная сусветная практыка, і нікуды Беларусі ад гэта не сысці. Калі прадпрыемства стратнае — давайце інвестуем тыя грошы, што можна аддаць гэтаму прадпрыемству, на стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў, якія будуць даваць вялікія падаткі і вялікія даходы, у тым ліку і дзяржаве. Гэта адзіны спосаб. Утрымліваць сённяшнюю неэфектыўную сістэму ў сённяшнім беларускім бюджэце грошай няма. Трэба шукаць патэнцыйнага інвестара. Калі ёсць патэнцыйны інвестар, які гатовы ўзяць гэтае прадпрыемства на сябе з утрыманнем значнай часткі супрацоўнікаў — гэта трэба рабіць і такія варыянты шукаць. Зразумела, трэба будзе праводзіць дастаткова вялікую прыватызацыю. Дзяржава не можа адказваць за ўсё. Калі дзяржава адказвае за ўсё, пачынаюцца вельмі дрэнныя працэсы, пачынаецца неэфектыўнасць. Трэба шукаць прыватнага ўласніка. Іншае пытанне — не трэба рабіць гэта сёння на заўтра.

 

– Ці ёсць ужо праграма, куды падзець людзей, якія страцяць працу?

– Трэба думаць не толькі пра тое, як уратаваць сённяшнія прадпрыемствы. Трэба думаць, як прыцягнуць новыя вытворчасці. Няхай невялікія, няхай вельмі энергаашчадныя, вельмі эфектыўныя. І калі такіх прадпрыемстваў будзе адкрывацца дзясяткі, сотні, то гэта дасць працу тым людзям, якія сыдуць з дзяржаўных прадпрыемстваў.

 

– Ці не стане жыццё горш, чым яно ў нас зараз ёсць?

– Скажу непапулярную рэч: незалежна ад таго, каго выберуць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года, упэўнены, што жыць стане горш. Наколькі доўга будзе цягнуцца гэтае пагаршэнне і калі пачнецца паляпшэнне — залежыць ад таго, хто будзе абраны прэзідэнтам Беларусі.

 

– Ваш адказ прадугледжвае, што калі будзе абраны Аляксандр Рыгоравіч, то будзе тое ж самае?

– Безумоўна. Незалежна ад таго, хто будзе абраны 19 снежня, я ўпэўнены, што жыццё пагоршыцца.

 

– Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы ў рэшце ці не? Увядзем адзіную валюту ці не?

– З Расіяй мы не аб’яднаемся, адзіную валюту не ўвядзем. Але ўпэўнены, што з Расіяй будуць эфектыўныя гандлёвыя добрасуседскія ўзаемаадносіны.

 

– Як вы зробіце, каб у людзей быў большы заробак?

– Грошай на павышэнне заробкаў у бюджэце няма. Яны проста не прадугледжаныя. Для таго, каб яны з’явіліся ў бюджэце, іх трэба спачатку ў кагосьці забраць. Таму ў бліжэйшы час пра павышэнне заробку, асабліва бюджэтнікам, вельмі складана казаць, і я гэтага не абяцаю. З другога боку, калі будзе мадэрнізавана прамысловасць, калі беларуская эканоміка будзе развівацца, калі ў нас будзе эканамічны рост, то гэта будзе ўплываць на рост заробкаў. Але для таго, каб пачаўся рэальны рост заробкаў, не проста ў рублёвым эквіваленце, а ў рэальнай пакупніцкай здольнасці, — для гэтага трэба мадэрнізаваць прамысловасць, трэба сур’ёзная мадэрнізацыя ўсяго нашага грамадства.

 

З поўным тэкстам інтэрв’ю можна пазнаёміцца на старонцы ЕРБ.