Кожная чацьвёртая… Як на вайне.
Ужо пяты год запар Прадстаўніцтва ААН у Беларусі праводзіць інфармацыйную кампанію супраць хатняга насілля. Кампанія пачынаецца 25 лістапада ў Дзень барацьбы за ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын і заканчваецца 10 снежня, у Дзень правоў чалавека.
Як распавяла Вольга Беларусава, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі, кожная чацвёртая жанчына ў нашай краіне ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў падвяргалася фізічнаму насіллю з боку мужа або інтымнага партнёра. Па выніках апошняга апытання 80% жанчын падвяргаліся псіхалагічнаму насіллю, з іх 13 % – сэксуальнаму, 22% – эканамічаму.
– Праблема ў тым, што большасць жанчын разумеюць насілле выключна як фізічнае уздзеянне – збіванне ці гвалтаванне. Насамрэч, сюды адносяцца і іншыя рэчы, якія выклікаюць псіхалагічны дыскамфорт у ахвяры – пазбаўленне грошай, абразы і іншыя, – кажа Вольга.
Прыкладна пяцьдзесят краін ужо ўзвялі хатняе насілле ў ранг сур’ёзнай праблемы. Кампанія, якая сёлета праводзіцца ў Беларусі, арыентавана на дзве мэтавыя аўдыторыі: моладзь і мужчыны. Для моладзі ладзяцца спектаклі ў навучальных установах і серыя канцэртаў пад агульнай назвай «Больш ні гуку!», якія адбыліся ў абласных цэнтрах. Мужчын, у сваю чаргу, заклікаюць насіць белыя стужкі з 25 лістапада да 10 снежня ў знак непрыняцця хатняга гвалту.
Да удзелу ў акцыі запрасілі таксама мужчын, якія на сённяшні час для некаторых людзей з’яўляюцца кумірамі. Гэта Андрэй Кулебін – 19-кратны чэмпіён свету па муай-тай, спявак Сярога і хакеіст Алег Антоненка.
У інтэрнэт-прасторы з’явіўся блог ostanovinasilie.org, дзе змешчаны он-лайн заняткі муай-тай.
– Вартасць гэтых ролікаў у тым, што спартсмены не толькі далучыліся да нашай акцыі, але і выказалі сваё меркаванне на конт праблемы гвалту, – падкрэсліла Вольга Беларусава.
На гэтай інтэрнэт-старонцы ўсе жадаючыя могуць таксама выказаць сваё меркаванне па праблеме хатняга гвалту, абмяняцца спасылкамі і кантактамі, якія будуць карыснымі людзям, што жывуць у атмасферы страху і псіхалагічнага дыскамфорту.
Імгненнага паляпшэння сітуацыі па праблеме хатняга гвалту чакаць не выпадае, бо грамадская свядомасць змяняецца не так хутка, як хацелася б. Але згодна з вынікамі даследаванняў ААН за 15 гадоў абмеркавання гэтай праблемы, людзі прынамсі пачалі ставіцца да яё сур’ёзна і ідэнтыфікаваць акты насілля.
Ілюстрацыя mojasemja.ru