Як каваль каваў падковы, а мы здымалі кіно (дададзена відэа)

Арганізатарам праекту быў Дом Ангеліўса Сілесіўса – няўрадавая арганізацыя і навучальны цэнтр, заснаваны іезуітамі ў 1993 годзе. Іх мэтай было стварыць месца ва Ўроцлаве, дзе маладыя еўрапейцы змаглі б даведвацца адзін пра аднаго і развівацца ў духу дыялогу.

Дасягаеца гэта праз семінары і трэнінгі. Дом Сустрэч імкнецца стварыць сяброўскае асяроддзе для ўдзельнікаў праграм.

 

Дом сустрэчы быў названы ў гонар Анґеліўса Сілесіўса – нямецкага пісьменніка- містыка. Сапраўдным імем пісьменніка было Ёган Шэфлер, але шырокую творчую вядомасць ён набыў пад псеўданімам Angelus Silesius (Сылескі пасланец).

>

У часе экскурсіі

У межах праекту «Еўропа пачынаецца з мяне», у якім прымалі ўдзел і некалькі гарадзенцаў, мы мелі магчымасць больш даведацца пра Польшчу і яе гісторыю. Напрыклад, на экскурсіі ў невялікі гарадок Кудава, што ў дзвюх гадзінах язды ад Уроцлава, нам паказалі адну з найстарэйшых ганчарных майстэрняў, на нашых вачах каваль каваў падковы! А экскурсавод распавядаў цікавыя факты аб развіцці рамёстваў. Яшчэ адной мэтай праекту было навучыць нас здымаць відэа, і да завяршэння праграмы стварыць уласныя відэаролікі на абраную тэму. Удзельнікаў падзялілі на 4 групы, каб у кожнай былі прадстаўнікі розных краін.

Тэмы, якія выбралі ўдзельнікі гучалі так: «Не быць абыякавым!», «Аб’яднаная Еўропа пачынаецца з мяне», «Без межаў», «Інтэграцыя».

 

Мы атрымалі відэакамеры і прафесійныя фотаапараты і пачалі здымкі. Для сюжэтаў можна было выкарыстоўваць любое памяшканне, любыя прадметы, а пры неабходнасці нават атрымаць дадатковае абсталяванне. Напрыклад, група, якая працавала з пакадравай анімацыяй атрымала ў распараджэнне фон, адбівальнікі і «фотапарасоны», у выніку чаго якасць фатаграфій значна палепшылася.

У апошні вечар прайшоў паказ. Ролікі не ацэньваліся, і не было ні пераможцаў ні пераможаных… Кожная група ў сваім роліку паспрабавала акрэсліць адну з агульнаеўрапейскіх праблем і данесці яе да аўдыторыі.