Барацьба за кнігу
Што на сённяшні дзень уяўляюць сабой кніжныя крамы? Гэта крамы, у якіх можна памацаць кнігі сваімі рукамі, і досыць новая ў беларускім грамадстве з’ява: інтэрнэт-крамы. Любая крама жыве тым, што зарабляе за кошт гандлёвай нацэнкі. У яе ўваходзяць камунальныя плацяжы, заробак, транспартныя выдаткі, падаткі, арэнда памяшканняў… Сума набягае вельмі прыстойная.
Згодна з дзеючым заканадаўствам гандлёвая нацэнка на кніжную прадукцыю фармуецца паводле кан’юнктуры рынку. Гэта значыць, што тэарэтычна кошт можна паставіць любы. Іншае пытанне, хто будзе пераплочваць, калі можна ў іншым месцы купіць танней. А такіх «іншых месцаў» у нас у горадзе больш за дзесятак. Таму кожная гарадзенская кнігарня імкнецца трымацца «сярэднячком», каб напіраючы з усёй сілы інтэрнэт-гандаль не задушыў рознічныя пункты продажу, якія i так з цяжкасцю трымаюцца на плаву.
>
У інтэрнэт-гандлю справы ідуць куды лепш. Уявіце сабе, фірма купіла гатовы сайт. Зараз досыць зняць невялікі офіс, куды можна пасадзіць любога чалавека, які ўмее націскаць гузікі на клавіятуры. Такі працаўнік сочыць за продажамі на сайце, адказвае на пытанні кліентаў. Калі ўявіць, што працоўнае заканадаўства Беларусі дазваляе займацца надомнай працай, то і на ўтрыманні офіса можна зэканоміць. Захоўваць тавар на складзе таксама не абавязкова, можна па заяўках пакупнікоў ажыццяўляць дастаўку напрамую ад пастаўшчыкоў.
Аднак, вывучыўшы попыт на кнiгі, якiя карыстаюцца папулярнасцю, трымаць нейкі «набор» трэба. Для зручнасці пакупнікоў у інтэрнэт-краме разлічвацца можна наяўнымі і безнаяўнымі сродкамі, праз ашчадкасу або пошту, электроннымі грашыма або пластыкавай картай. Дастаўка тавараў можа быць як кур’ерам, так і па пошце.
Параўнайце самі якая эканомія: работнікам плацім менш, бо выкарыстоўваем некваліфікаваную працу, склад ацяпляць і асвятляць кругласуткава не трэба, кнігі, якiя не карыстаюцца поспехам, на складзе не залежваюцца ў адрозненне ад кніг на паліцах тых жа рознічных крамаў. Як па коштах на бэстсэлеры можна прасачыць такую эканомію (Табліца).
Аднак дзіўна, што кошты на кнігі з мяккай вокладкай ніжэй. Можа быць, гэты факт гаворыць аб тым, што гараджане дзеля добрага чытва гатовыя эканоміць на якаснай вокладцы, а захоўванне для інтэрнэт-крамаў «мяккіх» кніг на складзе вельмі праблематычны занятак. Бо такія кнігі камячацца, рвуцца і мокнуць куды больш пры транспарціроўцы. Беларускіх выдавецтваў мастацкай літаратуры я не знайшла. Максімум гэта была вучэбная і спецыялізаваная літаратура.
Эканамічны бок кніжнага пытання заканчваецца роўна там, дзе пачынаюцца людзі. Прадавец адной з гарадзенскіх кнігарняў сустрэла мяне вельмі ветліва, распавёўшы аб тым, што ў краме яна працуе больш за 4 гады. Па яе словах, лепш за ўсё купляюцца бэстсэлеры, вучэбная і дзіцячая літаратура. Аднак, пра інтэрнэт-крамы яна нічога не ведала.
Пакуль я фатаграфавала, у гандлёвую залу ўвайшла дырэктар крамы. Праз 5 хвілін, пашаптаўшыся з прадаўцом, дырэктар звярнулася да мяне з патрабаваннем спыніць здымку і пакінуць памяшканне. На пытанне аб тым, па якой прычыне я павінна сысці, жанчына мне адказала:
– Вы «топіце» нашую краму. У нас і так сітуацыя складаная. Так, мы разумеем, што ў нас даражэй, чым у інтэрнэт-крамах, але і нам неяк жыць трэба. А вы ў сваім артыкуле напішаце, як у нас дорага, і ніхто больш да нас не прыйдзе.
У кожнага свая праўда. Работнікі кніжных крамаў усведамляюць сваё пройгрышнае становішча ў адносінах да ўсё больш набіраючага тэмп інтэрнэт-гандлю. Пасля такога агрэсіўнага пачатку я папрасіла паказаць кнігу скаргаў і прапаноў. Тут жа дырэктар крамы памяняла сваю лінію паводзінаў і перайшла на ўмольны тон:
– Вы ж разумееце, што сваімі артыкуламі завальваеце кніжную галіну. Хутка кніжныя крамы і зусім перастануць існаваць. У Расеі адзін мужчына сабраў усе кнігі школьнай праграмы за 5 гадоў і выпусціў іх на дыску ў электронным варыянце. Урад не ліцэнзаваў яго па прычыне таго, што пасля гэтага ўсе кнігі можна было б выкінуць. Нам і так цяжка. Не пішыце, дайце яшчэ ледзь-ледзь папрацаваць.
Кожны выбірае сам, як і дзе яму купляць кнігі. Камусьці трэба датыкнуцца, памацаць выданне, пастаяць каля кніжных паліц, адчуць пах новай друкарскай паперы. Менавіта за гэтыя магчымасці людзі гатовыя пераплочваць некалькі тысяч са свайго кашалька. Хтосьці ў гонцы за часам купляе кнігі з электронных старонак, не адчуўшы гэтую адмысловую, кніжную энергетыку, эканомячы кожны зароблены рубель.
Які спосаб яму падыходзіць кожны абярэ сабе сам. Галоўнае, каб мы змаглі захаваць у будучыні знакамітае званне «самай чытаючай нацыі». І ніякі журналіст, што б і як бы ён не напісаў, не зможа забіць кніжную галіну. Бо кожны з нас выдатна ведае, што «рукапісы не гараць».