Мікола Статкевіч: Дзяржава не павінна лезці ў ложак!
Палітык распавядае, што чакае армію і міліцыю ў выпадку абрання яго прэзідэнтам, як ён плануе вырашыць кватэрнае пытанне і калі мы паедзем у Еўропу без візы.
— Ваш ідэал палітычнага лідэра?
— Леў Сапега. Гэта — патрыёт, палітык, дыпламат, палкаводзец.
— Вашая самая ўлюбёная кніга?
— Андрэй Платонаў “Катлаван”.
— А песня?
— Песні — яны пад настрой. Я зараз не спыніўся б на адной.
— На ваш погляд, заробак прэзідэнта ў колькі разоў можа ці павінен перавышаць заробак, да прыкладу, настаўніка ці медыка?
— Безумоўна, прэзідэнт не павінен быць жабраком. І не павінен фармальна мець невялікі заробак, але жыць на ўсім гатовым. Але, я думаю, перавышаць можа ў некалькі разоў: 3-4, максімум у 5 разоў. З тым, каб на сабе адчуваў, як жывуць іншыя.
— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў? Як чалавек ваенны…
— Я да іх ніяк не стаўлюся. Я да іх, як кажуць, не адношуся. Але я лічу, што кожны чалавек мае права любіць, кахаць, як яму падабаецца. Галоўнае, каб гэта не было нейкім гвалтам над другой асобай і — дзяржава не павінна лезці ў ложак.
— З кім вы часцей сустракаецеся са сваякоў? Ці ёсць у вас нейкая сямейная традыцыя?
— Ёсць прыватнае жыццё, і я не хацеў бы ў сваё прыватнае жыццё пускаць публіку.
— Якія б святы вы выкраслілі з сённяшняга календара, а якія б дадалі?
— Я, мабыць, усё ж такі выкрасліў бы з гэтага календара дату 7 лістапада як святочную. Усё ж такі гэтая дата сімвалізуе сабой братазабойчы канфлікт — Грамадзянскую вайну. Самую жорсткую з усіх войнаў. Гэта трэба толькі адзначаць як дзень смутку, прымірэння.
Я думаю, мы павінны, як кожная нармальная дзяржава, 25 жніўня святкаваць Дзень Незалежнасці. У 1991 годзе мы зрабіліся юрыдычна незалежнымі. Думаю, што трэба 27 лістапада святкаваць Дзень абаронцаў Айчыны. У 1920 годзе простыя людзі па вёсках Случчыны сабраліся, сфармавалі брыгаду і пайшлі абараняць сваю Радзіму. Не па прымусу, не па загадзе. Гэта сапраўды абаронцы Айчыны.
Гэтыя даты я б увёў як новыя. Безумоўна, мы хрысціянская краіна, у нас ёсць хрысціянскія святы. І Каляды, і Вялікдзень, якія усё ж такі варта не адзін дзень адзначаць.
— З чаго вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?
— Я магу паправіць гэтую сітуацыю ў Беларусі — калі выбараў няма, улада рыхтуе чарговы спектакль, а ўсім альтэрнатыўным кандыдатам наканавана ў гэтым спектаклі роля блазнаў, клоунаў. Я лічу, што магу нешта зрабіць, магу арганізаваць ціск актыўнай часткі грамадства на ўладу. З тым, каб дамагчыся сумленных выбараў праз публічныя акцыі. Я ў найбольшай ступені кандыдат для такой сітуацыі. Калі выбары — цырк, і нешта трэба зрабіць, каб гэты цырк зламаць. Я не буду клоунам у гэтым цырку!
— У свядомасці людзей Лукашэнка атаясамлівае сабой стабільнасць. А вы што прапануеце грамадзянам?
— Я думаю, што стабільнасць у наш час, які так хутка мяняецца, гэта — развіццё. Калі краіна перастае развівацца, гэта, ведаеце, як ідзеш па балоце: спыніўся — пачынаеш тануць. Нашая краіна спынілася ў развіцці. Мы хутка можам згубіць прамысловасць, калі мы нічога не будзем рабіць. Трэба нешта рабіць. Стабільнасць — гэта развіццё. Вось мой падыход.
— Пытанне да вас як да вайскоўца: ці патрэбная нам армія ў той колькасці, якая зараз ёсць? І як да палітыка: ці патрэбная нам такая колькасць міліцыі?
— Беларуская армія — каля 40 тысяч вайскоўцаў. Яна не вялікая і забірае не шмат грошай. Войска патрэбна дзяржаве. Не таму, што гэта атрыбут суверэнітэту, але ўсялякае бывае — і безабароннасць спакушае. Адзінае: калі вы ўжо ўзялі на службу чалавека за грошы і кажаце яму: “Ты вось прыйшоў сюды, і калі дзяржава дасць каманду — ты павінен пайсці і памерці”, то гэтага чалавека трэба належным чынам утрымоўваць. І тут асноўнае праблема, безумоўна, жыллёвая.
У войску павінны налічвацца пэўныя адсоткі на спецыяльны рахунак. З тым, каб пасля адстаўкі гэты чалавек мог купіць сабе нармальнае жыллё. У нас 9 спецслужбаў ужо з правам аператыўнай дзейнасці. Вось дзе, шчыра кажучы, трэба істотнае скарачэнне. Таму што не такая ўжо паталагічна крымінальная нацыя, каб мець міліцыю на душу насельніцтва, здаецца, утрая большую, чым у Польшчы. І навошта гэтыя шматлікія спецслужбы, якія дублююць адна другую, сочаць адна за другой? Такі недавер? Такі страх? Менш баяцца трэба! Будзь нармальным чалавекам — і баяцца не трэба.
— Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць сабе кватэру?
— Трэба найперш развіццё іпатэкі — танных жыллёвых крэдытаў. Па-другое, гэта — канкурэнцыя на рынку будоўлі жылля. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, калі манапаліст збірае грошы, манапольна атрымаўшы кавалак зямлі, і потым на гэтыя грошы нешта будуе. Потым — не пабудуе, потым — забяруць, потым — украдуць грошы і разбягуцца. Павінна быць канкурэнцыя на атрыманне жылля пад забудову і на продаж. Гэта будзе спрыяць зніжэнню цэн. І яшчэ трэці момант — развіццё арэнднага жылля. Калі спецыяльна будуюцца цэлыя кварталы такіх дамоў, дзе па коштах, не вельмі адрозных ад кватэрнай платы, можна зняць кватэру.
— Ці рэальны ўезд грамадзян Беларусі ў Еўрасаюз без віз? Наколькі гэта рэальна і калі гэта магчыма?
— Я лічу, што гэта цалкам рэальна — бязвізавы ўезд у Еўрапейскі саюз. Украіна ўжо хутка яго атрымае. Мы таксама маглі б яго атрымаць, і значна раней. Бо краіна больш спакойная, менш карумпаваная і меншая паводле насельніцтва і памераў. Але ўсё пытанне ўпіраецца ў нашую ўладу: калі тут будзе дэмакратыя, гэта вырашыцца вельмі хутка.
З поўным тэкстам інтэрв’ю можна пазнаёміцца на старонцы ЕРБ.
Фота: Народная Воля