Датэрміновае галасаванне па знаёмым сцэнары

|

Па звестках Цэнтрвыбаркама, у першы дзень датэрміновага галасавання на Гарадзеншчыне свой выбар зрабілі 3,1% выбаршчыкаў.

 

Першымі, як правіла, галасуюць вайскоўцы, работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і установаў, студэнты.

 

Як паведаміў учора сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”, факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні зафіксаваны ў некалькіх раёнах Гарадзенскай вобласці.

 

У Мастоўскім раёне непадалёк мястэчка Лунна ёсць спецкамендатура, дзе адбываюца пакаранне людзі, асуджаныя да папраўчых работ. Ужо з раніцы 14 снежня дванаццаць чалавек з іх прывезлі на Лунненскі выбарчы ўчастак дзеля галасавання.

 

Сябра гэтай участковай камісіі ад Партыі БСДГ Лявон Карповіч лічыць, што гэта выключна рашэнне кіраўніцтва спецкамендатуры, што пацвярджае той факт, што прадстаўнік камендатуры прысутнічаў асабіста на ўчастку для галасавання.

 

У Гродне ў першы ж дзень датэрміновага галасавання быў зафіксаваны факт прыводу на выбарчы ўчастак цэлага ўзводу салдат памежнага атраду.

 

Яшчэ адзін відавочны факт прымусу зафіксаваны ў дзяржаўнай установе “Аблспажыўсаюз”, што знаходзіцца па вуліцы Валковіча. Тут у працоўны час быў сабраны калектыў, які агітавалі прагаласаваць датэрмінова.

 

Да гэтага заклікалі Дзмітрый Крыжаноўскі, намеснік начальніка, а таксама начальнік аддзелу кадраў Людміла Дз’ячэнка. Пры тым яны палохалі працоўны калектыў тым, што асноўны дзень галасавання – вельмі небяспечны, паколькі дзяржаўныя структуры інфармуюць пра магчымыя тэракты, якія рыхтуе апазіцыя. 

 

Факты ўзмоцненай агітацыі за датэрміновае галасаванне былі зафіксаваныя і ў шэрагу іншых прадпрыемстваў і навучальных установаў.

 

Спробы прадстаўнікоў апазіцыі пратэставаць супраць гэтага сутыкаюцца з процідзеяннем уладаў. Так, сёння міліцыя сарвала пікет лябудынку аграрнага ўніверсітэту.

 

Сябры перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева з Гродна Алег Калінкоў і Кірыл Семянчук  стаялі там з плакатам “Студент, не ходи на досрочное голосование!”. Праз паўгадзіны да пікетоўшчыкаў пад’ехала міліцэйская машына.

 

Калінкову і Семянчуку прапанавалі праехаць у Ленінскі РАУС, дзе ў іх праверылі дакументы, перапісалі дадзеныя, пасля чаго адпусцілі.

 

На думку прадстаўнікоў апазіцыі, менавіта ў час датэрміновага галасавання адбываецца забеспячэнне “патрэбнага” уладам выніку выбараў.