Гродна стане пабрацімам ізраільскага Ашкелона
Ініцыятыва пра ўсталяванне пабрацімскіх сувязяў з Гродна належыла дэпутату гарадской рады Ашкелона Аліку Салтановічу.
Як паведамляе партал IzRus, ізраільскі бок зацікаўлены не ў “папяровай”, а ў рэальнай супрацы паміж гарадамі.
Гісторыя Ашкелона налічвае больш чатырох тысячагоддзяў, што робіць горад адным з найбольш старажытных у свеце. Насельніцтва Ашкелона складае 120 тыс. чалавек.
Ашкелон – курортны горад на беразе Міжземнага мора, ва ўнікальнай кліматычнай зоне: вятры, якія прыходзяць з Негева і Юдзейскай пустыні, паніжаюць вільготнасць паветра. Таму тут заўсёды цёпла і пры гэтым няма спякоты і духаты, якая характэрная для многіх ізраільскіх гарадоў.
У Ашкелоне існуюць дзьве вялікія прамысловыя зоны, у якіх знаходзяцца каля сотні прадпрыемстваў. Некаторыя з іх звязаныя з найноўшымі тэхналогіямі. У горадзе працуе найбуйнейшая ў Ізраілі электрастанцыя.
На гэты момант гарадамі-пабрацімамі Гродна французкі Лімож, нямецкі Міндэн, польскія Беласток і Ўроцлаў, расійскія Хімкі, Калінінград і Шчолкава, канадскі Пітэрбора, сербскі Белград, венгерскі Ньірбатар, украінскія Чаркасы.