Эфектыўнась і «эфекты» сродкаў інфармацыі
Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўных медыях у перыяд 21 лістапада – 10 снежня палепшыліся (параўнальна з папярэднімі кампаніямі) умовы прамога доступу кандыдатаў (падрабязна гл. у раздзеле 3.2), асноўная схема асвятлення выбарчага працэсу засталася нязменнай, што азначае наступнае:
– факусаванне ўвагі на адным кандыдаце, дзеючым прэзідэнце краіны;
– маргіналізацыя апазіцыйных кандыдатаў, іхняй дзейнасці, гэтак жа сама як і дзейнасці апазіцыйных партыяў коштам як адмоўных ацэнак, так і наўмыснай мінімалізацыі іх прысутнасці ў дзяржаўных СМІ;
– стварэнне на фоне неадпаведнай рэпрэзентацыі альтэрнатыўных кандыдатаў эфекту адсутнасці выбару ці, больш дакладна, – эфекту выбару на карысць аднаго кандыдата – дзеючага прэзідэнта;
– змяншэнне значнасці выбараў за кошт адсоўвання выбарчай тэматыкі, што саступае тэме «Спорт», паказу дзіцячага Еўрабачання ці тэматыцы Усебеларускага народнага сходу;
– паведамляючы пра дадзеныя розных сацыялагічных апытанняў, часта без указання, хто іх праводзіў, тыя ж самыя СМІ ствараюць эфект перадвызначанасці вынікаў галасавання.
Што тычыцца недзяржаўнай прэсы, то яна, як і раней, стварала шырокую карціну выбарчага працэсу. А кандыдаты на пасаду прэзідэнта заставаліся яе галоўнымі дзеючымі асобамі.
Дзяржаўныя медыя
Навінавая праграма «Панарама» («Першы» канал БТ) на гэты раз хоць і меней часу адвяла дзеючаму прэзідэнту (каля 52%), аднак па-ранейшаму ігнаравала ягоных апанентаў (найбольшую ўвагу атрымаў А. Саннікаў, 2,6% часу). Як і раней, альтэрнатыўных кандыдатаў праграма рэпрэзентавала пераважна адмоўна. Яшчэ больш выразнай стала тэндэнцыя да дэперсаніфікацыі альтэрнатыўных кандыдатаў. Суб’екту «неперсаніфікаваны кандыдат» праграма адвяла амаль 36% часу. Тлумачэнне гэтага феномену дастаткова простае – апазіцыя не мусіць быць пазнавальнай (альбо, інакш кажучы, «усе апазіцыянеры на адзін твар»).
Параўнальна з папярэднімі перыядамі маніторынгу тэма выбараў атрымала больш часу: 10,6% ці 1 гадзіну і 23 хвіліны. Але галоўнай тэмай усё ж не стала. Бо амаль 2 гадзіны праграма адвяла асвятленню падрыхтоўкі, працы і вынікаў Усебеларускага народнага сходу.
Сайт беларускага агенцтва навін БелТА асвятляў выбарчы працэс у ранейшай манеры, г. зн. галоўную ўвагу надаваў дзейнасці ЦВК, выбарчых камісій ніжэйшага звяна ды дзеючаму прэзідэнту. А пра астатніх кандыдатаў пісаў галоўным чынам у неперсаніфікаванай форме.
«Советская Белоруссия» («СБ») і газета «Рэспубліка» на гэты раз заўважна больш рэпрезентавалі кандыдатаў, але за кошт таго, што паводле дзейных прадпісанняў мусілі публікаваць іхнія перадвыбарчыя праграмы. Дарэчы будзе адзначыць, што манітарынгаваныя дзяржаўныя медыя, як электронныя, так і друкаваныя, не анансавалі тэле- і радыёвыступаў альтэрнатыўных кандыдатаў, а калі і ўзгадвалі пра іх, дык не падавалі іх прозвішчаў.
Прамы доступ
Варта адзначыць, што параўнальна з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ўмовы доступу да дзяржаўных СМІ палепшыліся. Так, па-першае, кандыдаты мелі магчымасць выступіць у жывым эфіры. Па-другое, час іхніх выступаў па тэлебачанні быў пасунуты да прайм-тайму, а выступы адбываліся на Першым нацыянальным канале Беларускага тэлебачання. Па-трэцяе, адрозна ад парламенцкай кампаніі 2008 г., паўторныя выступы кандыдатаў былі ад пачатку запланаваныя. У выніку гэтых зменаў патэнцыйна большая колькасць выбарцаў змагла пазнаёміцца з выбарчымі праграмамі альтэрнатыўных кандыдатаў. (Дзеючы прэзідэнт, як вядома, ад выступаў на БТ і на радыё ў вызначаны час адмовіўся). А жывы эфір дазволіў ім без купюр выкласці свае погляды ды бесперашкодна пакрытыкаваць дзейную ўладу. У другі раз пасля 1994 г. адбыліся таксама і тэледэбаты, якія, аднак, нельга лічыць паўнавартаснымі, бо галоўны апанент альтэрнатыўных кандыдатаў, дзеючы прэзідэнт, таксама адмовіўся ад удзелу ў іх.
Што да нацыянальнага радыё, дык сумнеўна, каб хоць якая істотная колькасць яго слухачоў змагла пазнаёміцца з выступамі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, якія трансляваліся ад 6:00 да 7:10 раніцы.
Кандыдаты змаглі бясплатна надрукаваць свае праграмы ў дзяржаўных газетах. Пры фармальна роўных умовах (аднолькавая плошча) іхнія праграмы былі рэпрэзентаваныя зусім па-рознаму. Так, газеты «СБ» і «Рэспубліка» ( ад 27.11.10 – суботні выпуск) на першай паласе падалі перадвыбарчую праграму А. Лукашэнкі (з каляровай фатаграфіяй). А праграмы астатніх кандыдатаў тыя ж газеты сталі друкаваць толькі з 30.11.10 і на старонках, якія пачыналіся з 4 паласы. А праграму Я. Раманчука газета «Рэспубліка» ўвогуле адсунула на 20 старонку. (Фота кандыдатаў былі чорна-белыя).
Варта таксама адзначыць, што пасля першых выступаў дзяржаўныя СМІ распачалі не аналіз ці абмеркаванне праграмаў альтэрнатыўных кандыдатаў, а кампанію іх дыскрэдытацыі. Прывядзём толькі адзін прыклад. Першы нацыянальны канал, тыднёвая аналітычная праграма «В центре внимания» ад 28.11.2010. Першы сюжэт працягласцю 21 хв. 6 сек. пад назвай «В Беларуси стартовала агитационная кампания, в том числе, теле- и радиовыступления кандидатов в президенты. Реакция экспертов и «простых избирателей». Сюжэт пабудаваны на апытанні грамадзянаў на вуліцах розных гарадоў Беларусі, цытаванні з інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку незалежных. Абсалютна ўсе рэспандэнты рэзка крытыкавалі выступы альтэрнатыўных кандыдатаў.
А вось каментар журналіста (Андрэй Крывашэеў) за кадрам: «На неделе кандидаты отстрелялись первой порцией телеагитации в прямом эфире. Белорусское радио и первый канал, взявшие на себя бремя транслятора, судя по первой семидневке, свою задачу выполнили. Хотя и в ущерб рейтингу. Многие белорусы признавались: смотреть пытались, но даже на полчаса сил не хватало. Предвыборный сериал смотрелся скучно и менее правдоподобно, чем импортные мыльные оперы. Артисты усыпляли, их реплики казались безумием, постановочные движения отдавали теленафталином».
Недзяржаўныя медыя
У адзначаны перыяд «Комсомольская правда в Беларуси» болей месца адвяла альтэрнатыўным кандыдатам і, адпаведна, – меней А. Лукашэнку. Пры гэтым А. Лукашэнку яна рэпрэзентавала пераважна станоўча, а астатніх кандыдатаў выключна нейтральна. Датычна альтэрнатыўных кандыдатаў газета дастаткова шмат карысталася таксама і вызначэннем «неперсаніфікаваны кандыдат». Затое іншыя недзяржаўныя выданні яго заўважна пазбягалі.
Інтэрнет-газета naviny.by на фоне шырокай карціны выбарчага працэсу ў якасці галоўных аўтараў падала кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Так, Я. Раманчук атрымаў амаль 13% плошчы сайта параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу, Лукашэнка – 12%, Ул. Някляеў – амаль 10% , Р. Кастусёў – 8%, А. Саннікаў, М. Статкевіч і А. Міхалевіч – больш за 6%), а В. Цярэшчанка і Дз. Ус – адпаведна больш за 5% і 3%. Ацэнка дзейнасці гэтых кандыдатаў і іхніх праграм была надзвычай збалансаваная.
Газета «Наша ніва» пісала пра практычна ўсіх кандыдатаў, але ў гэты перыяд – найбольш пра А. Лукашэнку (33%) і Я. Раманчука (амаль 11%). Дзейнасць цяперашняга прэзідэнта яна ацэньвала нейтральна і негатыўна, а Я. Раманчука – станоўча. Як і раней, кандыдаты былі рэпрэзентаваныя галоўнымі дзеючымі асобамі выбарчага працэсу.
Газета «Народная Воля» значную ўвагу надала ўладзе (40%), якую галоўным чынам крытыкавала. Гэтак жа крытычна паставілася яна і да дзейнасці А. Лукашэнкі. У адрозненне ад іншых недзяржаўных выданняў, газета публікавала тэле- і радыёвыступы і праграмы большасці альтэрнатыўных кандыдатаў.
Газета «Белорусы и рынок» пры асвятленні дзейнасці суб’ектаў выбарчага працэсу прытрымлівалася пераважна нейтральнага тону. І ў гэты перыяд не надала сур’ёзнай увагі перадвыбарчым праграмам кандыдатаў.
Медыяэфекты
Гэты панятак ахоплівае выпадкі перакручвання, скажэння інфармацыі, няпоўнага, аднабаковага ці тэндэнцыйнага асвятлення фактаў з мэтай паўплываць на меркаванні чытачоў (выбаршчыкаў).
Новы (датычна гэтай кампаніі) выпадак – асацыяванне апазіцыі з наркадылерамі і алкаголікамі. Вось дзве цытаты з сюжэту «Оппозиционная молодежь массово спивается» (праграма «Панарама» ад 22.11.2010): «Целая плеяда видных борцов с диктаторским режимом занимается наркотой». «Употребление алкоголя и чего-то покрепче – это норма для современной оппозиционной молодежи».
Разам з тым, як і падчас папярэдніх этапаў маніторынгу, не зафіксавана ніводнага выпадку, калі альтэрнатыўныя кандыдаты ці прадстаўнікі апазіцыі мелі б права на адказ у тых дзяржаўных медыя, якія тэндэнцыйна альбо перадузята ацэньвалі іхнюю дзейнасць ці выбарчыя праграмы.