Палата №11

Раніцай пятніцы я, сціскаючы накіраванне на аналіз крыві, сядзела ў паліклініцы і чакала сваёй чаргі. У суботу нам патэлефанавалі дахаты і загадалі адразу ж пасля выходных з’явіцца да эндакрынолага. У панядзелак я трапіла ў лякарню з дыягназам «Цукровы дыябет 1 тыпу». А ўжо ў аўторак павінны былі ажыццявіцца грандыёзныя планы майго дня нараджэння. Вось такі шчыльны графік…

 

Першы раз у жыцці я трапіла ў стацыянар. Відовішча было несуцяшальнае: заліваючы ўсё вакол сябе слязьмі я трымала брата за руку і тлумачыла дактарам, што без яго я нікуды класціся не буду. Паўгадзінныя перамовы нічым добрым не скончыліся, і мяне ўпіхнулі ў экстраную лабараторыю, каб выцадзіць, як мне падалося, цэлы літр маёй крыві! Потым задалі кучу невытлумачальных пытанняў і адправілі адну-адзінёшаньку ў аддзяленне.

 

– Вольныя месцы толькі ў 11-й палаце, – распарадзілася медсястра, – зараз цябе ўладкуем.

 

На ложку ля вакна, які мне дастаўся, я без руху праседзела хвілін 40. Насамрэч я сядзела б так і даўжэй, але за мной прыйшлі:

 

– Так ты Ліза? Пайшлі ставіць кропельніцу!

 

Слова «кропельніца» мне ніколі не падабалася. І мне яе ніколі не ставілі. А тут усё так проста: адчыніліся дзверы, увайшла медсястра, і я паслухмяна плятуся за ёй па шэрым бальнічным калідоры. У працэдурным кабінеце мяне сустрэла выдатная, як потым апынулася, жанчына. Але ў той момант я ненавідзела ўсіх, хто замахваўся на мае вены.

 

– Ды што ж ты трасешся, вялікая ж дзяўчынка! Адвярніся і глядзі ў акенца, – сціскаючы маю руку камандавала «выдатная» Рэгіна Іванаўна.

– Гэта я ад злосці!

 

Для мяне страшна ўжо само паняцце «ляжаць». А ляжаць з уваткнутым у вену катэтарам, праз які ў цябе штосьці ўліваюць – існае пекла. За суткі мая рука па памерах стала нагадваць маю нагу, пальцы не складваліся нават у непрыстойны кукіш, які мне так хацелася паказаць лепшаму сябру, калі ён вырашыў падбадзёрыць мяне сваімі з’едлівымі жартачкамі, а кожны драбнюткі рух цела суправаджаўся тупым болем. Раніцай у аўторак, калі я нарэшце заснула і бачыла найпрыгажэйшы сон з удзелам амерыканскага сэкс-сімвалу, мяне хтосьці патрос за плячо. Перада мной замест «сімвалу» з сэксуальнай усмешкай стаяла Рэгіна Іванаўна са шпрыцам. Не ведаю ад чаго я зноў разраўлася: ці ад таго, што ў мяне адабралі прыгожы сон, ці ад усведамлення, што я ў лякарні ў мой Happy Birthday.

 

Пацягнуліся дні, а потым і тыдні ў палаце, частка сцен і столі якой былі пакрыты жудаснай цвіллю, з вокнаў дула так, як быццам, я адчыніла акно ў хуткім цягніку, а з ракавіны разліваліся водары гарадской каналізацыі. Не, я не «ўвалілася» ў глыбокую дэпрэсію. Наадварот, я вырашыла сустракаць «ворагаў» (за каго бы яны сябе не выдавалі) тварам да твару. А як толькі праз месяц мяне, нарэшце, пазбавілі ад кайданкі-кропельніцы, я адправілася да свайго доктара за рэкамендацыямі. Алена Аляксандраўна размаўляла са мной не доўга, наставіла нейкіх крыжыкаў у гісторыю хваробы, дала дзве кніжкі пра дыябет і адправіла дадому. Кніжкі я праглынула за два дні і прыйшла за новай порцыяй. А яшчэ праз тыдзень ніякіх даведнікаў па дыябеце і эндакрыналогіі ў наяўнасці не засталося.

 

Дагэтуль не магу зразумець, што я цэлы месяц рабіла ў лякарні? Бо ўсе мае працэдуры і паніжэнне глюкозы ў крыві занялі не больш двух тыдняў. І гэта ўлічваючы той факт, што большасць кірункаў на якія-небудзь абследаванні я выпрошвала сама. Хоць у дзень паступлення мне і распавядалі пра нейкую школу дыябету, якую мне прыйдзецца наведваць, але за месяц я не зарэгістравала нават намёку на якія-небудзь «урокі».

 

Доктар Алена Аляксандраўна, жанчына ў поўным росквіце сіл, і таму клапоціцца пра свой знешні выгляд. Падалося, нават мацней, чым пра здароўе сваіх непаўнагадовых пацыентаў. Яна прыйшла да мяне ў палату адзін раз. Адзін раз за чатыры тыдні! Да некаторых дзяцей у «маёй» палаце дактары прыходзілі фактычна кожную раніцу. Мне ж часцей за ўсё даводзілася чуць голас медсястры па «цукарніках», які нагадваў ісці на трэці паверх да Алены Аляксандраўны, якая там мяне паслухае. Прыгажуня-ўрач прыкладвала свой кіслотна ружовы фанендаскоп да маіх грудзей 2-3 разы і пытала, як я сябе адчуваю. Пакуль я тлумачыла, што са мной усё выдатна і мяне, акрамя вучобы і працы, нішто не турбуе, яна павялічвала дозу інсуліну і пісала накірункі на «профілі».

 

«Профіль» для дыябетыка – гэта, мабыць, самае страшнае. За гэтым звычайным словам хаваецца працэдура з 6-ці вымярэнняў глюкозы ў крыві хворага за суткі: то бок, 6 разоў у суткі нейкая абыякавая і стомленая цётка праколвае ваш палец і цягне адтуль некалькі прабірак крыві. Чатыры разы на дзень я павінна была хадзіць у лабараторыю сама і два разы да мяне прыходзілі ўначы. А калі ўлічыць, што «профіль» быў прызначаны праз дзень, то я вельмі хутка пачала зайздросціць дыябетыкам «са стажам», якія маюць свой ланцэт. Праз тыдзень на маіх пальцах не засталося жывога месца, а праз два – я заляпіла іх усе пластырам. А яшчэ 5 раз на дзень трэба было калоць інсулін.

 

– Ты зараз як гераінавы наркаман, – жартавалі сябры, – не можаш без дозы.

 

Без дозы я можа і магла б, ды вось толькі ў нашых лякарнях у дозах не асабліва разбіраюцца. Дыягназ «дыябет» мне паставілі яшчэ ў прыёмным аддзяленні і аспрэчваць яго ніхто не збіраецца. Зараз я абзаводжуся глюкометрамі і назапашваю інсулін. Сам дыябет не такі страшны, як яго падаюць лекары… Але жывем мы не ў Ізраілі, дзе ўжо даўно падсаджваюць кавалачкі падстраўнікавай залозы. Так што мая вам парада, прыглядайцеся да таго, што з вамі робяць у лякарнях і давярайце свайму арганізму…