Аб кампутарных гульнях і згубленых марах
Але сын цяпер не «тут», ён у іншым, не менш цікавым і захапляльным свеце. У свеце, дзе няма надвор’я, а час ідзе па-свойму. У свеце, дзе можна быць кім заўгодна (і не прыкладаць для гэтага асаблівых намаганняў) і быць адначасова нікім. Дужка і двукроп’е – вось табе ўсмешка, самая сапраўдная, іншай у гэтым свеце няма. Звярнуў дужку ў іншы бок – вось табе сум, смутак і злосць у двух сімвалах. Краіна Інтэрнэт, адным словам.
Тут ёсць улада – адміны, ёсць просты народ – карыстальнікі. Яшчэ ёсць спорт і спартоўцы – геймеры.
«А! Гэта тыя дзеткі, памяшаныя на кампутарных гульнях?» – Спытаеце вы. Хм… Так, калі побач са словам «геймер» не стаіць прыстаўка «пра». А калі стаіць – тады слова «гульня» гучыць ледзь не абразліва. Скажыце геймеру, што ён гуляе ў «гульні» і атрымаеце мінімум незадаволены выраз твару, а то і дакладны адрас, куды вам варта пайсці.
Крыху гісторыі: у канцы 90-х гадоў сонечная рэспубліка Паўднёвая Карэя на пару з ЗША пачалі развіваць кіберспорт. Калі сцісла, то кіберспорт гэта тое ж самае, што тэніс ці футбол, толькі замест ракетак і мячыкаў – клавіятура, а замест кортаў і палёў – кампутарная гульня. Сталі ладзіцца чэмпіянаты, стварацца каманды, прафесійныя лігі. У кіберспорт укладваліся немалыя грошы, адпаведна і ганарары ў прагеймераў былі таксама на ўзроўні. Не мільёны, вядома, але ўсё ж 30 000 $ за першае месца ў турніры – гэта, пагадзіцеся, грошы. Развіваць гэтую ідэю вышэй згаданыя краіны вырашылі не проста так, а на хвалі набіраючай абароты папулярнасці кампутарных гульняў і татальнай камп’ютэрызацыі моладзі наогул.
Думка аб тым, што зарабіць на жыццё можна, не выходзячы са свайго пакою, гуляючы ў любімую гульню, літаральна ўрэзалася ў галовы нашых юных аматараў «гульняў», і – панеслася… Натоўпы школьнікаў і студэнтаў рынуліся ў кампутарныя клубы (тады яшчэ Інтэрнэт для нас быў рэччу малазнаёмай) набіваць «скіл». Праседжваючы перад маніторам суткі напралёт, робячы па 300 клікаў у хвіліну, хлопцы рухаліся да запаветнай мары. Клубы раслі, як грыбы пасля дажджу, і ўсё роўна не маглі прыняць усіх жадаючых «пабегаць у Кваку» (Quake – камп. гульня). Чаго каштуе адзін толькі клуб «Арэна» на Курчатава, дзе размясцілася сетка з больш чым ста (!) кампутараў. А ўжо калі ў нас з’явіўся больш-менш прыдатны Інтэрнэт, тады маштабы «трагедыі» сталі сапраўды сур’ёзнымі. У добраахвотным разетачным палоне апынуліся тысячы падлеткаў. Ці варта казаць, што ўсё гэта суправаджалася бясконцымі сваркамі з вонкавым светам у асобе бацькоў і часта поўным «забіваннем» на вучобу.
Дарэчы, вучоба ніколі не стаяла высока ў спісе прыярытэтаў моладзі, але зараз у іх з’явілася прыстойнае апраўданне: маўляў, мы трэніруемся, мы прагеймеры.
Цэнтрам айчыннага кіберспорту, вядома, стаў Мінск, дзе з года ў год праводзіліся турніры самых розных маштабаў. Галоўная падзея – штогадовыя адборачныя на WCG (World Cyber Games), на якія з’язджаліся гульцы са усёй Беларусі. У больш-менш буйных гарадах таксама ладзіліся чэмпіянаты, а клубы набіралі свае каманды з правам трэніравацца бясплатна (у нас гэта быў клуб Utah у будынку кінатэатра «Кастрычнік», якога, дарэчы ўжо няма, гэтак жа як і «Арэны»). Усё было так абнадзейліва, так дадавала ўпэўненасці і сілаў зноў і зноў ціснуць на гузік у пошуку партнёра для трэніроўкі!…
А тым часам успыхнуўшая ідэя стварыць онлайн аналаг футбола стала павольна, але дакладна згасаць. Не паўсюль. У той жа Карэі да гэтага часу па ТБ транслююць матчы Нацыянальнай Кіберспартыўнай Лігі і спартыўныя блокі навін не абыходзяцца без інтэрв’ю з геймерамі. І ганарары з чатырма нулямі, якія так грэлі душу нашым геймерам, таксама засталіся. Як і фоткі на вокладках часопісаў. Але, на жаль, каб зарабіць на спорце грошы, трэба, каб спорт стаў яшчэ і пайшоў. У Карэі атрымалася, у нас – не. Ды і спрабавалі мы не асабліва. Усё трымалася на дзіўнай, упэўнены, камерцыйна невыгоднай падтрымцы салідных спонсараў. Цярпенне і надзея спонсараў скончыліся, і з марай аб кар’еры прагеймера многім прыйшлося развітацца.
Прыйшлося ўсё ж такі паглядзець у акно, прыйшлося зразумець, што там таксама ёсць жыццё і ўсвядоміць, што ты пра яго нічога не ведаеш.
Ілюстрацыя http://www.avamix.ru