Міністэрства прыроды стала на бок абаронцаў Румлёўскага парку
У афіцыйным адказе на зварот грамадскага аб’яднання “Экадом”, паведамляецца, што вырубка альбо пашкоджанне дрэваў у Румлёўскім лесапарку, пракладка дарог і працы, звязаныя з парушэннем зямель, забароненыя без узгаднення з тэрытарыяльнымі органамі мінпрыроды.
Рашэнне пра упарадкаванне Румлёўскага парка адміністрацыя Кастрычніцкага раёна Гродна прыняла 2 лістапада.
За тры тыдні паспелі ачысціць лес, прыбраць аварыйныя дрэвы, аднавіць асвятленне.
Частка прац праводзілася па ўзгадненні з гарадской інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аднак частка прац рабілася з парушэннем артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб архітэктурнай і горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.
У іх ліку – правядзенне без адпаведнай дакументацыі аднаўлення асфальтавага пакрыцця дарожак і падсыпка асфальтабетоннай крошкі і яе ўтрамбоўка на дарожцы, пракладзенай па перыметры парка.
Рашэнне аб распрацоўцы праекта “Добраўпарадкаванне тэрыторыі помніка прыроды мясцовага значэння “Лесапарк “Румлёва” было прынята Гродзенскім гарвыканкамам толькі 23 лістапада – ужо пасля правядзення работ.
На сёння, пасял ўмяшальніцтва грамадскасці, усе працы па добраўпарадкаванні парка прыпыненыя да распрацоўкі і зацвярджэння адпаведнай праектнай дакументацыі, а начальнік Гродзенскай гарадской інспекцыі А.Лубін і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.Дзмітрыева прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.
Мінпрыроды даручыла абласному камітэту прыродных рэсурсаў зрабіць разлік шкоды, якую прынесла Румлёўскаму лесапарку “добраўпарадкаванне”, а таксама прыцягнуць вінаватых да адміністратыўнай адказнасці.
Акрамя таго, Мінпрыроды падтрымала ініцыятыву грамадскага аб’яднання “Экадом” па правядзенні абмеркавання пытанняў захавання зялёных насаджэнняў Гродна з удзелам прадстаўнікоў выканаўчых органаў і грамадскасці горада.
Адпаведны зварот аб правядзенні круглага стала міністэрства накіравала ў Гродзенскі гарвыканкам.