Сёння стануць вядомыя афіцыйныя вынікі галасавання на Гарадзеншчыне
Па звестках камісіі, найбольш актыўна галасавалі жыхары Зэльвенскага і Свіслацкага раёнаў, дзе яўка выбаршчыкаў склала 95%.
За Аляксандра Лукашэнку свае галасы аддалі 81%. Другое месца набраў Андрэй Саннікаў – 3,8%, трэцяе – Рыгор Кастусёў – 2,9%, чацьвёртае – Уладзімір Някляеў – 1,9%.
>
Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў у Гродне. Фота – prosto-free
Па словах старшыні абласной выбарчай камісіі Валерыя Саўко, выбары ў рэгіёне прайшлі “без эксцэсаў, цывілізавана і спакойна”.
Незалежныя эксперты, аднак, зафіксавалі вялікую колькасць парушэнняў у час правядзення сёлетняй выбарчай кампаніі. У прыватнасці – масавае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння датэрміновага галасавання. У першую чаргу гэта тычылася такіх катэгорый выбаршчыкаў, як іншагароднія студэнты, жыхары інтэрнатаў, ваеннаслужачыя, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, грамадзяне, асуджаныя да абмежавання волі.
Нагадаем, што АБСЕ прызнала выбары ў Беларусі несвабоднымі і несправядлівымі.