У Гродне адбудзецца калядная сустрэча пілігрымаў

|

Пачатак цудаў у Росі звязаны з выпадкам, які адбыўся ў 1618-м г. Тады ў час святой Імшы сляпая жанчына, думаючы, што фігура Езуса — гэта святар-спаведнік, паспавядалася ёй і атрымала адпушчэнне грахоў. На пытанне святара, у каго жанчына была на споведзі, адказала: «Той спавяднік, які сядзіць у бабінцы, слухаў мяне і адпусціў грахі». Пасля гэтага выпадку да жанчыны вярнуўся зрок.

 

Касцёл у Росі нават у савецкія часы, калі многія храмы былі разбураныя альбо ператвораныя ў склады ці крамы, касцёл заставаўся дзейсным.

 

Як паведаміў “Твайму стылю” кіраўнік пілігрымкі ў Рось, ксёндз Ежы Марціновіч,  цяпер санктуарый у Росі перажывае свой росквіт. Штогод святыню наведваюць усё больш пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, у тым ліку дзеці і моладзь.

 

Пілігрымка «Гродна — Рось» адбываецца штогод у жніўні. Сёлета ў ёй бралі ўдзел каля 270 чалавек.

 

Урачыстасці ў Росі ўзначальваў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч.

 

У час святкавання Божага Нараджэння ў Гродне адбудзецца аплатковая сустрэча для ўдзельнікаў пілігрымкі «Гродна — Рось». Дзелячыся аплаткай, вернікі складуць адзін аднаму аднаму віншаванні і падзеляцца ўражаннямі ад перажытай пілігрымкі.

 

Сустрэча пачнецца ў 18.30 з супольных калядных спеваў. Затым адбудзецца Святая Імша за ўсіх пілігрымаў і ахвярадаўцаў пілігрымкі. Перад удзельнікамі сустрэчы выступяць дзеці з парафіі Радунь з Воранаўскага раёна.

 

Фота: catholic.by