Калядны тыдзень у Каробчыцах

18 снежня прайшло ўрачыстае адкрыццё Каляднага тыдня ў маёнтку «Каробчыцы». Асноўнай ідэяй кірмашу было наладзіць для людзей свята, пасяліць у іх душы тое перадкаляднае чаканне цуду, пра якое многія зусім забыліся.

 

Прыадчыніўшы масіўныя драўляныя дзверы, я ўбачыла зусім мала людзей: одны стаялі ў доўгай чарзе за гарбатай, адзінкі блукалі па выставачных шэрагах. «Можа я не туды трапіла?» – падумала я.

Але праз некалькі крокаў карціна пачала змяняцца: з’явіліся людзі ў разнастайных касцюмах – лясных звяроў, цыган, важных Дзедаў Марозаў са Снягуркамi. А яшчэ далей гучала вясёлая калядная музыка, свята было ў самым разгары.

 

Шчыльнае кола людзей атачыла зусім маленькую сцэну, на якой спявалі і танцавалі казачныя персанажы. Па тэрыторыі ездзіў поні, якім кіраваў маленькі хлопчык. У вазочку стаяла скрынка, у якой любы жадаючы мог пакінуць сваё пажаданне Дзеду Марозу, якое пасля свята абавязкова адправіцца ў Белавежскую пушчу – галоўную дзедмарозаўскую рэзiдэнцыю ў Беларусi.

>

У гонар адкрыцця свята павінна была стрэліць гармата, але ў вызначаны час не стрэліла. Па словах мужчыны ў шапцы-вушанцы, які адказваў за стрэл, ніякіх тэхнічных праблем не было, проста арганізатары паказалі яму недакладны час стрэлу, і з-за гэтага адбылася затрымка на 15 хвілін. За той час, пакуль наладжвалі гармату, большасць цікаўных паспела падысцi да зброі, каб выствеліць, у чым справа. І вось нечакана – стрэл! Запанавала цішыня. Ашаломленыя людзі замерлі на месцы, а пасля сталі паступова разыходзіцца, бурна абмяркоўваючы свае ўражанні.

У праграме было пазначана, што ўсіх наведвальнікаў будуць частаваць гарачым глінтвейнам, збiтнем, кожны зможа сагрэцца цёплай юшкай і блінамі. Але да гадзіны дня ўжо нічога не засталося. Так што пачаставацца маглі толькі тыя, хто прыйшоў крыху раней.

 

Пакуль я стаяла ў чарзе за гарачай гарбатай, неспадзявана падслухала размову студэнтак і вырашыла задаць ім пару пытанняў, даведацца, чым яны так абураныя. Справа ў тым, што студэнтам абяцалі зрабіць зніжку на ўваход, але на месцы кошт быў для ўсіх аднолькавы – 5000 рублёу. На мой погляд, гэта няшмат, бо ўсе сабраныя сродкі, а менавіта 4 млн. 700 тысяч за першы дзень наведвання, перададуць у фонд будаўніцтва спецыялізаванага дома дзіцяці.

 

Мясцовыя майстры па працы з дрэвам да адкрыцця кірмашу падрыхтавалі фантастычныя постаці, выразаныя з дрэва.

 

Для тых, хто змерз і не змог сагрэцца вясёлымі конкурсамі і ўсмешкамі ўсіх прысутных, арганізатары падрыхтавалі абагравальнікі. Яны выглядалі як металічныя абрэзаныя бочкі, закапаныя ў зямлю, у якіх гарэў агонь. Каля бочак тапталася шмат людзей.

 

Майстар Мар’ян Скрамблевiч, з Адэльску распавёў, як робяцца дудкі і жалейкі. Потым пачаўся канцэрт. Калі Дзед Мароз сабраў людзей у карагод вакол елкі, ніхто не застаўся стаяць убаку. Усе сталі вадзіць карагод вакол елкі, я таксама не ўтрымалася.

Людзi былі задаволеныя мерапрыемствам і адно адным, паколькі падаравалі пачуццё цяпла ў гэты марозны дзень усяму наваколлю.