Выратаванне тапельцаў – справа саміх тапельцаў!

Дом быў пабудаваны ў сакавіку 2008 года і заселены «пацярпелымі ад зносу». Большасць жыхароў гэтага дома да пераезду жыла ў драўляных пабудовах мінулага стагоддзя. І такі падаруначак да 8-га сакавіка быў вельмі дарэчы. Але гэтыя людзі нават здагадку выказаць не маглі пра тое, што праз 2 гады пачнецца «вайна» паміж імі і работнікамі ЖКГ.

Уваход у злашчасны падвал

– Мы проста не ведаем куды больш звярнуцца! Ніхто з работнікаў ЖЭСа не можа даць дакладнага тлумачэння гэтай праблемы. У чым там прычына, мы самі разабрацца не можам, толькі ведаем, што ў падвале хоць гразевыя ванны ладзь.

 

Пастаянныя праблемы з каналізацыйнымі трубамі. На трубы ставілі “хамуты”. А толку ад іх!.. Ставяць на адну дзірку “хамут” – побач з’яўляецца новая. І ўся каналізацыя цячэ ў падвал. Мы зноў да сантэхнікаў, гаворым, што смурод ў пад’ездзе стаіць аж да пятага паверха. А яны нам: «Няма чаго спраўляць патрэбу ў пад’ездзе, трэба ва ўнітазы гэта рабіць!» – распавялі Твайму Стылю жыхары дома.

>

Каналізацыйнае “возера”

Такая сітуацыя знаёмая многім гараджанам. Шматлікія заяўкі, скаргі і незадаволенасці паступаюць ад жыхароў на неякасную працу супрацоўнікаў ЖКГ або на адсутнасць працы наогул.

 

Мой дом – мая крэпасць. Як утапічна гучыць гэтая фраза для жыхароў шматпавярховікаў. Застаецца шукаць шчасця толькі ў судах, дзе можна адстаяць свае правы на добрадагледжаны пад’езд і кваліфікаванае абслугоўванне.