Сямён Шапіра: псеўдааванс года?
Сярод заслугаў чыноўніка газета называе “якасна іншы стыль кіравання” у параўнанні з “скампраментаваным Уладзімірам Саўчанкам” (папярэдні кіраўнік аблвыканкаму – ТС), “дэмакратычнасць і выхаванасць”, а таксама тое, што “гродзенскі начальнік узяўся за беларусізацыю, чым заслужыў павагу“.
Апошні пункт пераліку заслугаў Сямён Шапіра скасаваў сам на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 21 снежня ў Гродне.
Як паведамляе “Газета Слонімская”, старшыня абласнога выканаўчага камітэта выказаў незадаволенасць “інфармацыйнай падаплёкай” вакол ініцыятывы пашырыць выкарыстанне беларускай мовы сярод сваіх падначаленых.
У адказ на карэспандэнта “ГС” пра тое, якім чынам плануецца пашыраць ужыванне роднай мовы ў раённых выканаўчых камітэтах, Сямён Шапіра нагадаў, што ў Беларусі кожны мае права выбару мовы і ніхто не абавязаны адказваць за тое, што не размаўляе па-беларуску.
Ён быў непрыемна ўражаны каментарамі наконт сваёй ініцыятывы ў СМІ. Выказванні пра тое, што беларусізацыя пачалася пасля звароту “Таварыства беларускай мовы”, Шапіра назваў спекуляцыяй. І дадаў, што прыпыніў гэтую практыку.
Ініцыятыву Сямёна Шапіры многія звязвалі са зваротам “Таварыства беларускай мовы”. Старшыня гэтай грамадскай арганізацыі Алег Трусаў павіншаваў чыноўніка з новым прызначэннем і заклікаў больш карыстацца беларускай мовай.
Фота: “Газета Слонімская”