Навучальныя ўстановы з Беластоку гатовыя прыняць беларускіх студэнтаў
Прыняць студэнтаў з нашай краіны гатовыя Вышэйшая Школа Фінансаў і Кіравання, Вышэйшая Школа Касметалогіі і Аховы Здароўя з Беластоку, а таксама Дзяржаўная Вышэйшая Школа Інфарматыкі і Прадпрымальніцтва з Ломжы.
Гатоўнасць да прыёму беларусаў выказвае і кіраўніцтва Беластоцкага Ўніверсітэту і Медыцынскага Ўніверсітэту ў Беластоку. У абедзьвюх гэтых установах, аднак, чакаюць фінансавых гарантый з боку польскага Міністэрства вышэйшай адукацыі.
Праз некалькі дзён пасля разгону Плошчы ў Мінску Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі звярнулася да польскіх ВНУ са зваротам, у якім, у прыватнасці, гаварылася:
“Назіраючы за выклікаючымі ў нас занепакой дзеяннямі беларускіх уладаў, якія палягаюць на парушэнні правоў і свабод чалавека, пераследаваннях, якія тычацца таксама людзей навукі і студэнтаў, звяртаемся з заклікам аб акадэмічнай салідарнасці да польскіх навучальных установаў, для якіх свабода з’яўляецца найважнейшай каштоўнасцю…”.
Кіраўніцтва Міністэрства абяцае дафінансаванне коштаў побыту і навучання беларускіх студэнтаў ў тых ВНУ, якія згодзяцца іх прыняць. Гаворка ідзе найперш пра студэнтаў, якія могуць пацярпець за свой удзел у акцыі на Плошчы.
На здымку: міністр вышэйшай адукацыі Польшчы Барбара Кудрыцка. Менавіта яе подпіс стаіць пад зваротам да польскіх ВНУ прыняць беларускіх студэнтаў
Фота: Томаш Вавер/ AG