МАЛАДЫЯ Ў ВЯСЕЛЬНЫХ СТРОЯХ

|

На чале ішлі маладыя, убраныя … у вышываныя кашулі! На жаніху – святочная світа, шырокі саматканы пояс з арнаментам, ільняныя порткі і «новыя боты харошай работы». А чырвоныя боцікі маладой, карункі на падоле і кветкі ў валасах – замілаванне! Карацей, слёзы наварочваліся ад чысціні і прыгажосці, якой свяціліся іхныя постаці.

Абрад шлюбу

Неўзабаве пачалося вянчанне, бацюшка маліўся за маладую беларускую сям’ю па-беларуску. За межамі царквы, пад гукі скрыпкі і акардыёна госьці шчодра абсыпалі маладых жытам і пялёсткамі руж. Пару гадзін на крэатыўныя фота ў розных кутках горада і вось маці маладых сустракаюць з малым караваем на ўваходзе ў рэстарацыю. Пасля таго, як прапанаваная ў кілішках гарэлка была выліта праз плячо, а за ёй паляцелі і разбіліся ушчэнт самі кілішкі, распачалося гулянне. Маршалкам быў запрошаны спадар Шалкевіч. Выдатны актор і бард па-заліхвацку спраўляўся з сваімі пачэснымі абавязкамі. Развесяліў і перазнаёміў усіх прысутных. Праўда многія з ягоных жартаўлівых баек былі троху з перцам, так што ў артыкуле і не працытуеш , але файныя. Нарагаталіся ўсе. Музыкі з Менску гралі выключна шырока вядомыя ў вузкіх колах песні: «Ой, змагаліся…», «Простыя словы» ды іншыя. Песні, трэба зазначыць, падабаліся і тым, хто чуў іх упершыню. Сваякі маладога прывезлі з палескай вёскі не толькі дзівосны каравай, але і рэдкія на сённяшніх вяселлях абрады. Як сказаў спадар Шалкевіч, звяртаючыся да маладога пакалення: «Запомніце тое, што пабачыце, і раскажыце сваім дзецям і ўнукам».

Унос каравая

Хросны бацька жаніха падносіць каравай да маладых, трымае яго ў руках і тройчы пытае ў бацькі жаніха, ці ёсць маці ў хаце. Бацька тройчы адказвае, што ёсць. Тады хросны просіць дазволу паставіць каравай. Атрымаўшы дазвол, ставіць каравай на стол перад маладымі. Пасля ён «распаясвае» незвычайны каравай з расохамі. Расохі гэта даволі высокія (з паўметры) драўляныя рагаціны з двума ці трыма рогамі. З гэтых галінак здзерта кара і яны абвіты цестам і запечаны. Зверху кожны ражок упрыгожаны цікавымі яркімі кветкамі з паперы.Усе гэтыя расохі, каля шасці штук, уваткнутыя ў сам каравай і перапаясаны чырвонай стужкаю. Выглядае незвычайна прыгожа, нібы велічны букет. Дык вось, акурат гэтую чырвоную стужку развязвае хросны і перавязвае ёю сябе цераз плячо. Затым па адной дастаюцца расохі, спачатку трохрогія, і раздаюцца маладым, сведкам, тым, хто збіраецца пажаніцца і сем’ям, дзе шмат малых дзетак. Па словах жаніха, такі абрад ужо не адбываецца і ў ягонай роднай вёсцы, але яны адмыслова адшукалі тую бабулю, што ведала, як робіцца такое цуда. Затым хросны старанна выкраіў з сярэдзіны мысок каравая з парай белых лебядзёў і ўручыў маладым. Тым часам, пакуль хросны з поўнай сур’ёзнасцю справы рэзаў каравай на роўныя кавалкі, маці маладога зняла з навесты фату і надзела на сведку. А маладой павязала – хустку! До, маўляў, дзеўчынай праставалосай хадзіць, цяпер ты жонка. А яшчэ такім чынам маці нібы-та прымае нявестку ў свае дачкі.

Вяночак

align=none alt=”Пацалунак над ракой…” sub=”Пацалунак над ракой…”>

 

Сведка ў фаце збірае незамужніх дзяўчат. Яны водзяць вакол яе карагод, затым яна выклікае іншую дзяўчыну у цэнтр, апранае на яе фату, а сама далучаецца да карагоду. Тая дзеўчына паўтарае тое самае, і так пакуль фата не абыдзе ўсіх. Затым адразу дзяўчаты лавілі «вяночак», у сучасным варыянце – букет маладой. Пасля дзяльбы каравая і адорвання маладых было яшчэ і адорванне радзіны маладога маладой. Яна падаравала мужніным бацькаў па прыгожай коўдры, вядома, завадской вытворчасці. А маці дзякавала так: «Дзякуй табе за тое, што ты такая рукадзельніца, і ткала і прала… ». «Ды ткала цёцечка ў Турцыі», – адпусціў жарцік спадар маршалак. Але на тое пачуў, што маладая сапраўды сама выткала і паясы для сябе і маладога і той рушнік, стоячы на якім яны пабраліся шлюбам. «Ну што тут дадаць? Хіба што нічога… » Бярыце прыклад, спадарства. Сапраўднае свята ўсім, хто пабачыў іх ў гэты дзень падарылі Віктар і Вольга Валько.