Каго тычацца абмежаванні на замежныя камандыроўкі
Распараджэнне кіраўніка гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры аб новым парадку выездаў кіраўнікоў прадпрыемстваў у камандыроўкі за мяжу было надрукавана на сайце аблвыканкаму 4 лістапада 2010 г.
Згодна з гэтым дакументам, кіраўнікі прадпрыемстваў мусілі заранёў папярэджваць кіраўніцтва аблвыканкаму пра запланаваны выезд за мяжу па службе.
16 снежня было прынятае распараджэнне № 227р, якое таксама тычылася замежных камандыровак службовых асобаў. Новае рашэнне было змешчана на сайце аблвыканкаму ў раздзеле «Афіцыйныя дакументы» (11 студзеня яго знялі з сайту) і павінна было забяспечыць «стабільную працу арганізацый, размешаных на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці».
Паводле гэтага дакумента, для атрымання дазволу на выезд на імя старшыні аблвыканкама неабходна прадставіць ліст з інфармацыяй пра дзяржаву, тэрміны і мэты плануемых службовых паездак, а таксама крыніцы іх фінансавання.
Пастанова нарабіла шуму, паколькі з яе можна было зразумець, што тычыцца яна ўсіх прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі Гарадзеншчыны.
Сямёну Шапіры давялося публічна тлумачыць, што рашэнне датычыць толькі тых кіраўнікоў, якія працуюць на дзяржаўнай службе і атрымліваюць заробак з бюджэту. Наяўнасць у распараджэнні фармулёўкі «незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці і формы ўласнасці» кіраўнік вобласці патлумачыў тым, што супрацоўнікі апарата аблвыканкаму маглі перастарацца.
У змешчаным зараз на сайце аблвыканкаму спісе 45 прадпрыемстваў і ўстановаў, якіх тычыцца распарадэнне старшыні аблвыканкаму.
У іх ліку як буйныя прадпрыемствы кшталту “Азота”, “Хімвалакна”, “Лідсельмаша”, “Беллакта” і г.д., так і ўсе тры гарадзенскія ўніверсітэты.