“Нёман” збірае блудных сыноў

|

Так, кантракт з камандай ужо падпісалі паўабаронцы Іван Дзянісевіч і Аляксей Сучкоў.

 

Абодва добра вядомыя гарадзенскім заўзятарам. 

 

Іван год таму перайшоў з “Нёмана” у куды больш багаты салігорскі “Шахцёр”, з якім заваяваў срэбраныя медалі чэмпіянату Беларусі.

 

Гэты крок футбаліста быў расцэнены “фанатамі” ледзь не як здрада, што і было засведчана Дзянісевічу з трыбун стадыёна ў час яго першага з’яўлення тут ў форме “шахцёраў”.

>

Вяртаннем у родны горад паўабаронца мае ўсе шансы зноў заваяваць сэрцы гарадзенскіх заўзятараў.

 

Аляксей Сучкоў зрабіў сабе імя ў 2002 г., калі “Нёман” ледзь не стаў чэмпіёнам краіны.

 

Затым былі львоўскія “Карпаты”, “Харкаў”, некалькі гульняў за зборную Беларусі, кароткае вяртанне ў Гродна, “камандыроўка” у далёкі Казахстан.

 

Без сумневу, Сучкоў будзе адной са “стрыжневых” фігураў, вакол якіх будзе будавацца гульня каманды.

 

У хуткім часе склад каманды можа папоўніць і яшчэ адзін былы гулец зборнай Беларусі – Алег Страхановіч. Леташні сезон ён адгуляў у складзе сталічнага “Дынама”.

 

Вярнуцца ў Гродна можа і колішні лідэр “Нёмана” – паўабаронца Віталь Тарашчык. Апошнія сезоны ён адгуляў у Наваполацку.

 

Сёлетняй задачай №1 для “Нёмана” з’яўляецца паспяховае выступленне ў Кубку Беларусі, якое можа гарантаваць старт у еўракубкавых турнірах ужо гэтым летам.

 

Фота з архіву “Твайго стылю”