Саракасяміметровы праваслаўны храм пачаў будавацца ў Гародні

|

Аўтарам праекту з’яўляецца польскі архітэктар Ежы Усціновіч, які ў падобным стылі спраектаваў царкву Св. Юр’я ў Беластоку.

 

Настаяцель новага праваслаўнага прыхода айцец Уладзімір, да якога “Твой стыль” звярнуўся па каментар, патлумачыў, што ўбачыў макет царквы на выставе і ў яго адразу з’явілася задума стварэння такога ж храма ў Гродне, “каб абодва храмы па абедзвюх баках мяжы злучаліся паміж сабой духоўным мастом“.

 

На першы погляд праект здаецца мадэрновым і нагадвае замак ў стылі “фэнтэзі”.

 

Але насамрэч ён “адпавядае ўсім праваслаўным канонам і заснаваны на плане “грэцкага крыжа”- кажа ў размове з карэспандэнтам “Твайго стылю” галоўны архітэктар інстытута “Гроднаграмадзянпраект “ Наталля Чуйко.

 

Храм павінен стаць высотнай кампазіцыйнай дамінантай мікрараёна.

 

На некалькі метраў будынак падыме штучна створанае узвышша, на якім ён будзе пабудаваны.

 

Дзвюхпавярховы храм будзе складацца з галоўнага корпуса з чатырмя вежамі па баках і звязанай з ім звонніцай.

 

У будучым побач плануецца збудаваць нядзельную школу з двума навучальнымі класамі і залай для прыёма прыхажан.

 

На месцы будаўніцтва ўжо падрыхтаваная пляцоўка, забіты сваі.

На гэтым будаўніцтва пакуль спынілася з-за недахопу сродкаў. Па гэтай жа прычыне прыход не можа наняць падрадчыка.

 

Будаўніцтва храма ажыццяўляецца толькі за кошт ахвяраванняў. Свае ахвяраванні можна, да прыкладу, пакінуць у спецыяльных урнах у крамах мікрараёна.

 

Беластоцкая царква імя Св. Юр’я, на якую мае быць падобны новы гарадзенскі храм, будавалася з 2000 г.

>

Імёны ахвярадаўцаў выбітыя на кожнай металічнай дахоўцы царквы.