Настальгія па савецкім Гродна
Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч кажа, што мясцінаў, па якіх добра пазнавальная савецкая эпоха, у горадзе засталося не так і шмат. Аднак сёе-тое цікавага засталося.
І калі зарэгістраванае ў Беларусі Прадстаўніцтва Асацыяцыя народных універсітэтаў у Нямеччыне прапанавала гродзенскім краязнаўцам зрабіць шэраг адкрытых экскурсій для гарадзенцаў па нейкай канкрэтнай эпосе, то гісторыкі спыніліся менавіта на савецкім часе.
Так узнік праект “У пошуках гісторыі: паўсядзённае жыццё савецкага Гродна”.
У межах гэтага праекта гісторыкі і краязнаўцы правялі 6 бясплатных экскурсій, па выніках якіх зладзілі ў першым ліцэі выставу здымкаў і рэчаў, якія адлюстроўвалі дух савецкага Гродна.
Чаму для экскурсій абралі менавіта савецкі перыяд? Андрэй Вашкевіч (на здымку ніжэй у цэнтры), адзін з арганізатараў праекта, тлумачыць, што гэта той гістарычны перыяд, які большасць людзей вельмі добра памятае і які яна можа ўспрымаць не толькі праз прызму кніг і навуковай літаратуры, але і праз прызму ўласных успамінаў і перажыванняў.
>
Але знакавых месцаў тых часоў у іх першасным выглядзе ў Гродна засталося не так і шмат, мяркуе Андрэй Вашкевіч:
– Нават архітэктура савецкага перыяду моцна пазмянялася.
Калі браць будынкі 50-х гадоў, то большая іх частка ў горадзе апошнімі дзесяцігоддзямі перабудаваная, або, прынамсі, праведзены такі касметычны рамонт, што першапачатковы выгляд будынка проста непазнавальны.
Напрыклад, узяць хаця бы праспект Касманаўтаў, забудаваны ў 50-я гады. Там мала што засталося з савецкага.
Затое вялікай папулярнасцю ў межах настальгічнага бізнесу маглі б карыстацца экскурсіі па мікрараёне Фолюш.
Раён бярэ свой пачатак яшчэ з часоў Антонія Тызенгаўза. Аднак сёння ў гродзенцаў ён асацыюецца ў першую чаргу з вайсковым гарадком, які быў пабудаваны яшчэ ў царскія часы, але вялікіх памераў дасягнуў менавіта ў савецкія часы.
– Яшчэ вельмі цікавая ў рэчышчы гэтай тэмы вуліца Горкага.
На ёй фактычна адлюстраваны ўсе этапы прасоўвання гістарычнай мяжы нашага горада, пачынаючы ад канца 18 стагоддзя і да сённяшняга дня, – распавядае Андрэй Вашкевіч.
– Па Горкага шмат цікавых архітэктурных аб’ектаў, помнікаў савецкіх часоў.
Да таго ж там змяшчаюцца і некалькі былых прамысловых аб’ектаў – напрыклад, тэкстыльнае аб’яднанне, з якім звязаны рост нашага горада у 60-70-я гады.
Пасля даволі вялікай папулярнасці экскурсій па савецкім Гродна пільную ўвагу на гэтую тэму звярнулі турфірмы:
– Напрыклад, узнікла вялікая цікавасць да экскурсіі, якую праводзіў Ігар Трусаў.
Яна была прысвечана нефармальнаму Гродна.
Гэта такі схаваны бок гісторыі нашага горада, мала апісаны, але вельмі цікавы. Гэта і музычныя гурты, і суполкі нефармальных мастакоў.
Таму ў мясцовых тураператараў з’явілася ідэя арганізаваць напачатку шэраг экскурсій Ігара Трусава, бо гэта выклікала значную зацікаўленасць і ягоны маршрут будзе дакладна карыстацца попытам. – лічыць Андрэй.
А самай шматлікай аказалася экскурсія, прысвечаная падзеям 17 верасня 1939 года.
– Яна вельмі шмат чаго паказала. І для нас асабіста, калі аказалася, што на тую частку экскурсіі, якая праводзіцца ад імя савецкага салдата, не прыйшло аніводнага чалавека, а ўсе пайшлі на тую частку, якая праводзілася ад імя абаронцаў Гродна.
Ужо гэта паказала стаўленне гарадзенцаў да тых падзеяў, сапраўднае стаўленне, а не зацярушанае ідэалогіяй.
Па вясне гісторыкі паабяцалі зладзіць яшчэ некалькі экскурсій.
Плануецца распавесці пра мікрараён Фолюш, як 18-га стагоддзя, так і пра гэтак званы вайсковы.
Андрэй Вашкевіч мяркуе, што вялікую цікавасць гродзенцаў таксама выкліча экскурсія па мясцінах, звязаных з Васілём Быкавым, Барысам Клейнам і Аляксеем Карпюком.
Фота: harodnia.com