Увесь свет – тэатр!
Нагодай для нашай размовы стала прызнанне гарадзенскага народнага моладзевага тэатру “Надзея” лепшым у мінулым годзе ў вобласці.
-Чаму менавіта “Надзея”?
– Па-першае, стваральніцу, першага кіраўніка і проста “маму” звалі Надзея Сяргееўна Гардон.
Трынаццаць гадоў таму яна з Наталляй Гольцавай стварылі дзіцячы музычна-драматычны тэатр “Званочак”.
На сцэне – “Званочак” са сваімі “Зайкамі-Зазнавайкамі”.
Марай Надзеі Сяргееўны заўсёды было, каб дзеці са “Званочка” падраслі і сталі акторамі моладзевага тэатру, які яна вельмі хацела стварыць.
Так і сталася, але, на вялікі жаль, Надзеі Сяргееўны ўжо не было ў жывых, але яна жыве ў нашых сэрцах і ў назве яе Мары.
Па-другое, гэта надзея на будучае, на развіцце.
– Якія планы мае тэатр на гэтае самае будучае?
– Пастаяннае развіццё, павышэнне ўзроўня, у некаторай ступені – выхаванне выхаваных, камунікабельных, добрых юнакоў і дзяўчат, гатовых уступіць у дарослае жыццё.
>
Будзем працаваць над новымі спектаклямі, рэгулярна паказваць старыя і ездзіць на фестывалі тэатральнага мастацтва. Сёлета паедзем на фестываль у Літву (Клайпеда), у Польшчу і яшчэ ў Ліду.
– А на якія фестывалі Вы ездзілі ў мінулым годзе?
– Летам былі ў Польшчы на міжнародным фестывалі дзяцей і моладзі “Балтык-Сатэліт” у горадзе Сэйны і “Віграшэк” у горадзе Сувалкі. Дарэчы, забралі адтуль амаль усе дыпломы і ўзнагароды.
На гэтых фестывалях мы з’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі з 2005-2006 гг.
Першы раз мы паехалі туды яшчэ ў складзе дзіцячага тэатра “Званочак” (ён яшчэ існуе і нават, дзякуючы ўжо ўдзельнікам “Надзеі”, стаў заслужаным аматарскім тэатрам Беларусі. Займаюцца ў ім дзеці з 4-5-ці год).
– А з якімі праблемамі тэатр сутыкаецца на сенняшні дзень?
– Гэта, як кажуць, наша балючая тэма і тэма гэтая – грошы.
Каб паехаць на фестываль за мяжу, трэба мець грошы, а ўлады грошаў не даюць.
“Маленькі прынц”
Але выкручваемся неяк. Дзякуючы нашаму мастацкаму кіраўніку, знаходзім спонсараў, але прыходзіцца укладаць грошы і бацькам.
Другая праблема – гэта дысцыпліна. Дзеці ёсць дзеці! Я думаю, тут можна і без каментароў (смяецца).
-Чым дзеці займаюцца ў тэатры?
– Пачынаецца ўсё з сцэнічнай рэчы, якую вядзе Людміла Паўлоўская, актрыса лялечнага тэатра.
Ларыса Мікуліч (злева) і Людміла Паўлоўская
Потым – харэаграфія пад кіраўніцтвам Наталлі Кірэевай, вакал (гэта справа Вольгі Радыванюк). І, канешне, сама пастаноўка. І гэтым займаюся я, рэжысер тэатра.
Вось цяпер вы бачыце, якой падрыхтоўкі патрабуе пастаноўка спектаклю!
Дарэчы, для пастаноўкі “Сымона-музыкі”, прэм’ера якога адбудзецца 16 лютага, мы запрасілі маладога рэжысера Наталлю Дацэнка (на здымку ніжэй).
Сёння ў рэпертуары моладзевага тэатра – спектаклі “Мой Шэкспір”, “Маленькі прынц”, “Казка пра 3 парасятак”.
Сцэна з “Сымона-Музыкі”
Пасля прэм’еры “Сымона-музыкі” возьмемся за вадэвіль ”Бяда ад далікатнага сэрца”.
– Як ставяцца да тэатру яго акторы?
– Яны жывуць тэатрам і ўжо сталі паходзіць на сям’ю. Як кажуць, і працуюць і адпачываюць разам.
Яны яшчэ непрафесійныя акторы, але што можа быць лепш за дзіцячую непасрэднасць і шчырасць, веру ў тое, што яны робяць?
Менавіта таму на спектаклі “Надзеі” з вялікім задавальненнем прыходзяць і дарослыя і дзеці.