Эўразьвяз устрымаўся ад эканамічных санкцый супраць Менску
У спіс ўваходзіць і прэзыдэнт Лукашэнка з двума ягонымі сынамі.
Замарожаныя таксама банкаўскія актывы гэтых асобаў.
Такое рашэньне прынялі 31 студзеня 27 міністраў замежных справаў краінаў Эўрапейскага Звязу ў Брусэлі ў адказ на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты ў Беларусі.
«Гэтыя абмежаваньні і сьпіс ахопленых імі асобаў будуць адкрытыя і ўвесь час будуць пераглядацца. Рада ЭЗ падкрэсьлівае, што ў гэтым сэнсе ключавое значэньне будзе мець тое, ці будуць звольненыя і ўсе затрыманыя з палітычных прычынаў і ці будуць зь іх зьнятыя ўсе абвінавачаньні», – гаворыцца ў прынятай дэклярацыі.
Міністры замежных справаў Эўразьвязу абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі супраць Менску, але не прыйшлі да згоды па гэтым пытаньні.
Таму яны пастанавілі, што Эўракамісія будзе манітараваць сытуацыю ў Беларусі, каб у будучыні вырашыць, ці прыняць дадатковыя санкцыі ў дадатак да замарожваньня актываў 158 беларускіх чыноўнікаў, у адносінах да якіх былі сёньня прынятыя і візавыя санкцыі.
Рада Эўразьвязу таксама пастанавіла запачаткаваць працэс перагляду візавай палітыкі ў адносінах да Беларусі з мэтай панізіць або і ўвогуле скасаваць аплаты за візы для беларусаў – паведамляе Радыё Свабода.
Міністэрства замежных справаў Беларусі распаўсюдзіла сёння заяву, у якой, у прыватнасьці гаворыцца:
“Напружанасьць у адносінах з Эўразьвязам – гэта ня наш выбар. Аднак рашэньні Рады ЭЗ вымушаюць Рэспубліку Беларусь пайсьці на прапарцыйныя і адэкватныя па зьмесьце меры, якія будуць накіраваныя на ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі, захаваньне стабільнасьці і кансалідацыі беларускага грамадзтва” – паведамляе Радыё Свабода.
Ад рэдакцыі: у матэрыяле захаваная мова арыгіналу