“Камень Міндоўга” ад Сяргея Чыгрына
Выданне, якое складаецца з вершаў пра Радзіму, мову і культуру роднага краю мае ўбачыць свет ужо гэтай вясной.
Гэта будзе ўжо другая выдадзеная сёлета кніга слонімскага аўтара. У студзені ў Беластоку быў надрукаваны зборнік “З Беластоцкай зямлі”, які змяшчае 52 нарысы пра выбітных беларусаў, якія паходзяць з Беласточчыны.
Як паведаміў “Твайму стылю” сп. Чыгрын, зараз ён працуе адразу над некалькімі новымі літаратурна-краязнаўчымі выданнямі: кнігай пра вядомага слонімскага мастака Антона Карміцкага (памёр у 1944 г. у 32-х гадовым узросце), а таксама даследаваннем беларускага руху ў Варшаве ў пачатку ХХ-га ст.
Выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” прапанавала надрукаваць кнігу “Ад Слоніма да Беластока” у якую ўвайшлі б лепшыя артыкулы Сяргея Чыгрына пра знакамітых беларусаў Беласточчыны і Слонімшчыны (у тым ліку тых, хто быў рэпрэсаваны).
У планах аўтара таксама апісанне гісторыі ўніяцкай місіі ў Альберціне ў 20-30 г. мінулага ст.